The Superbullz прадставілі дэбютны альбом



Гурт The Superbullz прэзентаваў свой дэбютны альбом „Хардкор Заходняга Палесся”. Лідарам калектыва з’яўляецца Алесь-Францішак Мышкевіч, бас-гітарыст „Крамбамбулі” і Лявона Вольскага, былы ўдзельнік гуртоў „J:морс” и Trubetskoy.

„Ідуць часы, і ўсё змяняецца! Мы разам змяняем іх да лепшага! Моцнага! Галоўнага! – напісана ў анатацыі да дыска. − Зямля полымем гарыць пад намі, і мы яшчэ мацней імкнемся да вяршыні Парнаса! Бязмежным агнём палаюць нашы сэрцы і з вачэй б’юць маланкі, калі нясем мы нашу справу людзям, – Encierro! Encierro! Вітайце! „Хардкор Заходняга Палесся” нясуць вам у сваім першым альбоме пошчак капытоў магутных зуброў! І з моцай бізона гатовыя перамагаць! Разам мы запалім полымя Super слэмаў на танцпляцах! Да перамогі! We are the bulls! The Superbullz!”, – гавораць музыкі ў афіцыйнай заяве з нагоды выхаду дыска.

У склад The Superbullz (першапачаткова гурт называўся The Superboyz) акрамя Алеся-Францішка Мышкевіча ўваходзяць: Павел Трыпуць („Крамбамбуля”) – гітара, Валерый Дасюкевіч („J:морс”) – бас, Павел Мамонаў („Крамбамбуля”, „J:морс”) – бубны, Андрэй Якубчык („Крамбамбуля”) – труба, Раман Язукевіч – трамбон. У запісе дыска бралі ўдзел: Сяргей Падлівахін (бубны), Зміцер Найдзяновіч (трамбон), Павел Трацяк (сітар). Запісваў дыск Андрэй Баброўка на студыі „Селах”.

experty.by