Томаш Блашчак: Кангрэс быў адметны



Завершыў сваю працу XI Кангрэс даследчыкаў Беларусі. Ён праходзіў 22,23 і 24 верасня ўпершыню ў Гданьску. Тут сабраліся навукоўцаў і даследчыкаў гуманітарных і сацыяльных навук з многіх краін свету, і зразумела з Беларусі.

Пра вынікі сёлетняга Кангрэсу з сябрам аргкамітэту, гісторыкам з Коўна Томашам Блашчакам паразмаўляў Алесь Аркуш:

РР: Чым быў адметны гэты кангрэс?

– Кангрэс быў адметны перш за ўсё тым, што першы раз адбываўся на трох розных пляцоўках. За ўвесь час, што мы рабілі, максімальна было дзве інстытуцыі, дзве пляцоўкі. Тут з ініцыятывы Музею Другой сусветнай вайны ў Гданьску, Еўрапейскага цэнтру салідарнасці і Нацыянальнага марскога музею ў Гданьску, дзякуючы супрацоўніцтву з гэтымі ўстановамі, так атрымалася, што было тры пляцоўкі. Калі кангрэс праходзіў у Вільні, калі праходзіў у Варшаве, там таксама было шмат партнёраў, але тут тры розныя ўстановы былі гаспадарамі кангрэсу, першы раз так здарылася.

РР: Драматычная сітуацыя ў Беларусі, вайна ва Украіне, неяк адбілася на працы кангрэсу?

– Так, яна адбілася на тэмах. Украінская частка кангрэсу вельмі расшырылася. У нас заўсёды было шмат удзельнікаў з Украіны, асабліва тады, калі быў уведзены бязвізавы рэжым з Украінай. Тады даволі шмат даследчыкаў з Украіны пачало прыязджаць.

РР: Я б не сказаў, што сёлета іх было шмат.

– Сёлета іх няшмат, бо вельмі складана выехаць, вельмі складана дабрацца. Ёсць даволі вялікія абмежаванні, але колькасць удзельнікаў з Украіны напэўна на трэцім месцы пасля Беларусі і Польшчы.

РР: Ці з’явіліся новыя тэмы? Магчыма штосьці знікла, стала неактуальна?

Не. Я б сказаў, што гэтая сетка панэляў і секцый, яна такая даволі стабільная. Стабільныя гістарычна-культурніцкія секцыі, паліталагічныя, яны дамінуюць. Нельга сказаць, што ёсць нейкія тэндэнцыі. Гэты кангрэс самы вялікі пасля 2020 года. Калі раней вялікай праблемай была пандэмія, якая прымусіла адмяніць кангрэс у 2020 годзе. Потым гэтыя пандэмічныя абмежаванні з 2021 года. Потым вайна і візавыя абмежаванні, якія ўвяла Літоўская Рэспубліка. Штогод нейкія новыя выклікі. У гэтым годзе новым выклікам была новая пляцоўка. Трэба падсумаваць гэты кангрэс, каб было завяршэнне гэтага працэсу, і пачаць вяртанне ў такі звычайны рабочы рытм. Хаця ў такой складанай сітуацыі цяжка казаць пра вяртанне ў рабочы рытм, які быў у 2017-19 годзе.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Кангрэс даследчыкаў Беларусі — адзінае міжнароднае мерапрыемства, якое праводзіцца штогод. І ён ёсць тым стрыжнем, вакол якога гуртуецца акадэмічная супольнасць. Кангрэс стаў фактарам развіцця сацыяльна-гуманітарных дысцыплін у Беларусі. А ў замежжы істотна павялічылася колькасць людзей, якія займаюцца беларускай праблематыкай.

Беларускае Радыё Рацыя