ТОР-10 экспанатаў Музея Беларускага Палесся



Музей Беларускага Палесся, што знаходзіцца ў Пінску, адзначае 90-годдзе – гэта адзін са старэйшых музеяў Беларусі, які не прыпыняў дзейнасці ад моманту адкрыцця нават у часы Другой Сусветнай вайны. З нагоды юбілею Радыё Рацыя распавядае пра гісторыю і экспанаты, каб зразумець чаму варта наведаць пінскі музей.

Музей Беларускага Палесся мае каля 70 тысяч адзінак асноўнага фонду ды звыш 15 тысяч адзінак навукова-дапаможнага матэрыялу. Супрацоўнікі музея працуюць над пастаяннай экспазіцыяй, ствараюць электронны каталаг прадметаў ды ажыццяўляюць навукова-асветніцкія праекты.

З усёй калекцыі прапануем ТОП-10 экспанатаў, якія магчыма назваць сімваламі пінскага музею.

Пінск значна старэйшы

Афіцыйнай датай заснавання горада над Пінай лічыцца 1097 год, але яшчэ ў 1990-я гады вяліся размовы аб тым, што Пінск значна старэйшы, як мінімум на стагоддзе. Гэта пацверджае і знаходка – пячатка князя Ізяслава Яраслававіча, які ўладарыў пінскімі землямі на паўстагоддзя раней, чым 1097 год. Пячатка захоўваецца ў экспазіцыі музея.

Таксама цікавы факт: у 1941 годзе ў Нью-Ёрку выйшла кніга “Пінску – 1000 гадоў”. Гэта цэлая энцыклапедыя па палескай сталіцы: ад гісторыі да архітэктуры. Падрыхтавала выданне Пінскае габрэйскае таварыства ў Нью-Ёрку. Аўтары выказалі тэорыю, што Пінск заснаваны як мінімум ў 1005 годзе, чаму ёсць пісьмовыя крыніцы XI стагоддзя.

Ekspanaty1

Чырвоная кніга” Беларусі

Аддзел прыроды, які з’явіўся ў 1926 годзе ўнікальны па двум чыннікам. Па-першае: пудзілы зробленыя яшчэ за польскім часам! Па-другое: калекцыя жывёл мае віды, якія занесеныя да “Чырвонай кнігі” краіны, і такім чынам магчыма не толькі азнаёміцца з жывёльным светам Палесся, але і з рэдкімі жывёламі ўсёй Беларусі.

Ekspanaty2

Зайздросцяць нават скандынавы

Падчас архелагічных пошукаў на пінскім гарадзішчы быў знайдзены відэлец вікінгаў ХІІ стагоддзя. Ён выкарыстоўваўся для выцягвання мяса з адмысловых пасудзін. Некалькі год таму Музей Беларускага Палесся выстаўляўся ў Менску, дзе паказалі і відэлец вікінгаў. На выставе былі і музейшчыкі з Нарвегіі, якія адзначылі, што відэльца, ў такім добрым выглядзе, няма нават у краінах Скандынавіі.

Ekspanaty3

Пінская траццякоўка

У былым езуіцкім калегіуме 7 траўня 1965 года запрацавала Пінская карцінная галерэя, якую назвалі няйначай як “Пінская траццякоўка”, што цалкам адпавядае рэальнасці. Справа ў тым, што галерэя саступае толькі Нацыянальнаму мастацкаму музею Беларусі. Яе заснаваў мастацтвазнаўца Уладзімір Баравікоў.

Тут сабраныя карціны, якія прадстаўляюць заходнееўрапейскае мастацтва 18-га стагоддзя. Найбольш цікавымі, напэўна, з’яўляюцца карціны Айвазоўскага, Шышкіна, Пэна, Бялыніцкага-Бірулі. Партрэтны жывапіс прадстаўлены працамі 18-19 стагоддзяў. Самымі цікавымі з’яўляюцца сармацкія партрэты і партрэты Крысціны Радзівіл створаныя ў рамантычным стылі.

Ekspanaty4

Адказ палескага селяніна шляхцюкам

У музеі ёсць арыгінальны экспанат, які здзіўляе ўсіх наведвальнікаў. Ад яго доўга не адыходзіў падчас знаёмства з музеем Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд. Гутарка ідзе пра драўляны ровар.

Музей набыў яго за 10 злотых 21 красавіка 1933 года ў Васіля Ільючыка, селяніна з Пагост-Загародска. Селянін патлумачыў, што зрабіў драўляны ровар у адказ мясцовай шляхце, якая раскатвала ў Пінску на цудоўных “ровэрах”. Дарэчы Васіль Ільючык больш году ездзіў на сваім “дзецішчы” пакуль чуткі не дайлі да музейшчыкаў.

Ekspanaty5

Галоўны дакумент ВКЛ

У экспазіцыі захоўваецца ІІІ-ці Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 года перавыдадзены ў Вільні ў сярэдзіне 17-га стагоддзя.

Ekspanaty6

Жыць, як наказала каралева Бона Сфорца

Жонка польскага караля і вялікага князя ВКЛ Жыгімонта І Старога ўраджэнка Італіі Бона Сфорца ў 1521-1556 гадах валодала Пінскім княствам. На Піншчыне Бона Сфорца паспяхова ажыццявіла адміністрацыйна-эканамічную рэформу, правяла размежаванне на валокі ўсіх ейных зямель, здзейсніла гаспадарчыя пераўтварэнні. Усімі справамі каралева палегчыла жыццё насельніцтва княства за што яе доўгі час паважалі палешукі. Называлі ў яе гонар дрэвы ды калодзежы, адзіны захаваўся дагэтуль у вёсцы Вылазы. Дык вось у музеі магчыма пабачыць “Пінсцовую кнігу Пінскага княства”.

Ekspanaty7

Незвычайны сярэднявечны помнік

Цікавасць выклікае каменны саркафаг ХІІ стагоддзя, які захоўваецца ў выставачнай зале “Гісторыя Піншчыны”, дзе магчыма пазнаёміцца з калекцыяй археалагічных прадметаў.

Ekspanaty8

Падарожжа ў жыццё Пінска першай паловы ХХ стагоддзя

Пад экспанаты з побыту пінчан першай паловы ХХ стагоддзя адведзены цэлы пакой у якім пасля Другой Сусветнай вайны знаходзіўся кабінет старшыні Пінскага гарвыканкаму. У экспазіцыі прадстаўлены прадметы мэблі, музычныя інструменты, гадзіннікі, талеркі і г.д. Тут жа канапка, якая належыла Якубу Коласу ў часы пражывання ў Пінску.

Ekspanaty9

Этнаграфічная калекцыя

Ёй Музей Беларускага Палесся ганарыцца па праву. На выставе прадстаўленыя народныя строі Пінскага Палесся, вырабы пінскіх кавалёў, бандарныя ды дзяўбленыя вырабы, пляцення з саломы. Зусім нядаўна выстаўлены човен, які выдзеўбаны ў дрэве недзе 150 год таму. Човен захаваўся ў добрым стане.

Ekspanaty10

Нельга пакінуць па-за ўвагай бібліятэку ўстановы, напрыклад, у ёй захоўваецца адзінае ў Беларусі нью-ёрскае выданне 1937 года па выніках амерыканскай экспедыцыі па Палессі. Навуковую вандроўку ўвосень 1934 года здзейсніла Луіза Арнер Бойд. У сховішчы ўстановы ў закансерваваным стане ляжыць нацыянальны сцяг, які знялі ў 1995 годзе з будынку мясцовай дзяржаўнай адміністрацыі.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя