Традыцыйная пілігрымка ў мястэчка Лагішын
На Берасцейшчыне праходзіць традыцыйная пілігрымка ў мястэчка Лагішын, што на Піншчыне.
Прысвечана яна ўшанаванню цудатворнага абразу “Маці Божай Лагішынскай – каралевы Палесся”. Пілігрымы кіруюцца туды не толькі пешшу, але і едуць на роварах. Падрабязней кажа адзін з удзельнікаў пілігрымкі, галоўны рэдактар газеты “Царква” і берасцейскі краязнаўца Ігар Бараноўскі:
– Пілігрымка ідзе з розных мясцінаў. Ёсць баранавіцкая група. Ішла берасцейская група праз Бярозу. І бярозаўскія далучыліся. Была і грэка-каталіцкая пілігрымка, яна пачыналася ў Івацэвічах, але пешшу ішлі з Бабровічаў, дзе пахаваны Баляслаў Пачопка. З Бабровічаў на Целеханы ўчора выйшлі. Сёння ішлі з Целяханаў на Лагішын. Такія тры вялікія групы пілігрымаў. Яшчэ ёсць роварная пілігрымка, сёлета адбываецца ўпершыню.
Удзел у гэтай традыцыйнай пілігрымцы прымае і архімандрыт Сяргей Гаек – апостальскі візітатар для грэка-каталікоў Беларусі. Ён паляк па нацыянальнасці, але называе сябе “беларусам па перакананнях”.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота з Фэйсбука Ігара Бараноўскага