Трагедыя, якая закранула ўсіх беларусаў
11 мая здарыўся вялікі пажар у Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай. Гэтая падзея закранула не толькі каталіцкіх вернікаў, але і ўвесь беларускі народ, таму што пацярпеў храм, які з’яўляецца нашай агульнай гістарычнай і культурнай каштоўнасцю.
Адразу ў першыя хвіліны пасля таго, як над дахам Будслаўскай святыні раніцай 11 мая заўважылі дым, намаганнямі пробашча Дзмітрыя Дубовіка і валанцёраў – з касцёла вынеслі цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай. Цудадзейны абраз знаходзіцца ў касцёле ўжо больш за чатыры стагоддзі. У 17-18 стагоддзях ён стаў шырока вядомы як цудатворны, а ў наш час пачало імкліва адраджацца яго шанаванне. У 1998 годзе кардынал Казімір Свёнтэк прымацаваў на абраз папскія кароны, якія атрымліваюць толькі найбольш шанаваныя іконы. З гісторыі вядома, што ў канцы 16-га стагоддзя гэты абраз быў падараваны ў Рыме папам Кліментам VIII менскаму ваяводу Яну Пацу, калі той перайшоў з кальвінізму ў каталіцтва. Пасля смерці Паца абраз застаўся яго капелану, а той падчас побыту ў Будзе, узрушаны святочным набажэнствам у Вялікі чацвер і Вялікую пятніцу, а таксама на просьбу айцоў бернардынаў, ахвяраваў абраз касцёлу ў Будславе. Абраз змясцілі ў драўляным касцёле і ён адразу стаў карыстацца пакланеннем людзей, праславіўся цудамі і ласкамі.
Сам жа касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе бярэ свае пачаткі ў 1633 годзе. Гэта адна з трох малых базілік у Беларусі, што ўказвае на асаблівую сувязь гэтага храма са Святым Пасадам. Касцёл штогод наведваюць дзясяткі тысяч паломнікаў з розных краін. Паводле традыцыі, у гонар іконы Маці Божай Будслаўскай у першыя выхадныя ліпеня адбываецца Будслаўскі фэст, унесены ЮНЕСКА ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны.
Пасля пажару, у выніку якога заваліўся дах касцёла, каталіцкія біскупы Беларусі звярнуліся да ўсіх людзей з просьбай дапамагчы ў аднаўленні нашай агульнай нацыянальнай каштоўнасці. На шчасце, захаваўся ўнікальны драўляны алтар і амаль не пацярпеў ня менш унікальны арган. Але яны пасля пажару патрабуюць дэмантажу, кансервацыі і аднаўлення.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч быў сярод іерархаў, якім пажарныя дазволілі ненадоўга ўвайсці ў святыню. Арцыбіскуп сказаў: “Бог прамаўляе да нас праз розныя падзеі, праз свае знакі. Сёння наша краіна знаходзіцца ў вельмі вялікім крызісе. І гэта не толькі грамадска-палітычны, але і маральны крызіс. Гэтае сумнае здарэнне — заклік Бога да таго, каб мы асэнсавалі сваё жыццё з пункту гледжання маральнага закону, духу Евангелля…”. Арцыбіскуп прыгадаў, што калі згарэў Нотр-Дам, то ўся Францыя стала на калені. “Перад абліччам будслаўскай трагедыі станем і мы на калені, перапросім Бога за нашыя асабістыя грахі і грахі нашага народа, паяднаемся адзін з адным. Мы розныя, але мы — адзін беларускі народ,” – зазначыў Тадэвуш Кандрусевіч. І нельга сказаць гэтага лепей.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Вячаслава Дзмітровіча