Травень Алега Лойкі
Слонімская раённая бібліятэка імя Якуба Коласа запланавала шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных пісьменніку-земляку, доктару філалагічных навук, прафесару Алегу Лойку (1931-2008) з нагоды яго 90-х угодкаў.
Увесь травень на Слонімшчыне будуць адбывацца розныя мерапрыемствы, прысвечаныя жыццю і творчасці Алега Лойкі. Ужо прайшла паэтычная гадзіна”Любіць балюча” ў Слонімскай гарадской бібліятэцы № 4. Адбыліся вечар паэзіі “Сэрца песню спявае” ў Азярніцкай сельскай бібліятэцы і кніжная выстава “І сэрцам палюбіў я гэты кут…” у Міжэвіцкай сельскай бібліятэцы і г.д.
Слонімцаў наперадзе чакаюць выстава-агляд “Вялікі рамантык” у Сурынскай сельскай бібліятэцы, творчы вечар “Алег Лойка: летапіс жыцця і творчасці” у Навасёлкаўскай сельскай бібліятэцы, літаратурны вечар у Слонімскай раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа і гутарка “Посах душы і жыцця” у Востраўскай сельскай бібліятэцы.
Да сённяшніх дзён працягваюцца кніжныя выставы ў многіх сельскіх бібліятэках Слонімскага раёна, якія знаёмяць наведвальнікаў бібліятэк з жыццём і творчасцю Алега Лойкі.
Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя