«Трэба яднацца!» – гурт N.R.M. і Лявон Вольскі заспявалі разам упершыню за 10 гадоў
«Тры чарапахі», «Паветраны шар», «Лёгкія-лёгкія», «Песні пра каханне» – далёка не поўны спіс хітоў, напісаных бадай самым культавым беларускім рок-гуртом часоў незалежнасці. Разлад у N.R.M. адбыўся 10 год таму. З тых часоў Лявон Вольскі заснаваў праэкт Volski, а астатнія ўдзельнікі працуюць самастойна.
– Ідэя аб’яднацца на адну песню ўзнікла спантанна, літаральна за пару гадзін да запісу, – кажа Лявон Вольскі. Мы пабачылі тую салідарнасць, якую паказаў беларускі народ, натхняльнае яднанне людзей у адказ на несправядлівасць. Пабачылі людзей, спяваючых «Тры чарапахі» на вуліцах ды вырашылі прадэманстраваць свой прыклад яднання. Вяртання гурта ў класічным складзе не плануецца, гэта была разавая падзея, але, забыцца на старыя крыўды і стаць побач адзін з адным – хвалюючыя, але прыемныя пачуцці.
– У часы, калі трэба яднацца – трэба яднацца ўсім, – каментуе Піт Паўлаў. – Мы не бачыліся з Лявонам 10 год, адказ, ці магчыма пабачыць N.R.M. у класічным складзе заўсёды быў адмоўны з абодвух бакоў. Нам пазванілі ў палову трэцяга, у чатыры мы з’ехаліся з розных канцоў горада, ды паціснулі адзін адному рукі на студыі. Зайгралі без рэпетыцый, адразу паразумеліся. Асабіста для мяне гэта былі неперадавальныя шчырыя пачуцці. Як усё хутка можа змяняцца, як хутка можна аб’яднацца. Дзякуй беларускаму народу за гэтую магчымасць.
Музыкі падкрэсліваюць, што гэта была адзінкавая раптоўная сустрэча, вяртання гурта ў класічным складзе не плануецца. Паслухаць перавыдадзеныя на лічбавых платформах альбомы класічнага N.R.M. можна тут.