Трэці лідскі фальклорны зборнік



У Лідзе выйшаў этнаграфічны зборнік “Беларускія думкі, звычаі, абрады з Лідскага павета ХІХ стагоддзя”. Гэта выданне часопіса “Лідскі летапісец” і Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Зборнік уклалі лідскія краязнаўцы Леанід Лаўрэш і Станіслаў Суднік.

У зборнік увайшлі сорак дзве “Беларускія думкі з вёскі Глыбокага Лідскага павета Віленскай губерні, запісаныя ў 1885 годзе Уладзіславам Вярыгам. Яны былі апублікаваныя ў 1889 годзе ў часопісе “Збор звестак па краёвай антрапалогіі”, выдадзены стараннем Антрапалагічнай камісіі Акадэміі навук у Кракаве.

Да думак, запісаных Уладзіславам Вярыгам, дададзены яшчэ дзве невялікія публікацыі. Гэта “Астрынскі прыход” Віленскай губерні Лідскага павета прафесара Літоўскай семінарыі Івана Юркевіча. Нарыс быў апублікаваны ў Этнаграфічным зборніку, які выдаваўся Імператарскім рускім геаграфічным таварыствам. Калі меркаваць па даце публікацыі, то гэта самы ранні этнаграфічны матэрыял з Лідчыны ў шырокім доступе.

Другая публікацыя “Дажынкі ў Шаўрах Лідскага павета” належыць Біруце (Амеліі Даравінскай). Абрад Дажынак яна запісала ў 1887 годзе ў маёнтку Баляслава Нарбута.

Беларускае Радыё Рацыя