Трэцяя выстава керамікі “Між рукамі і полымем: КераМІФічнае”
3 сакавіка а 17-й гадзіне запрашаюць у мастацкую галерэю “Універсітэт культуры” на адкрыццё Трэцяй выставы керамікі “Між рукамі і полымем: КераМІФічнае”, ініцыяванай Грамадскім аб’яднаннем “Гільдыя керамістаў”.
Праект “Між рукамі і полымем” створаны з мэтай папулярызацыі мастацтва керамікі і садзейнічанню развіццю беларускіх майстроў, якія працуюць у гэтай вобласці дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. На выставе свае працы прэзентуюць 20 беларускіх і расійскіх аўтараў, з якімі адбудуцца майстар-класы і творчыя сустрэчы.
Асаблівасцю Праекта з’яўляецца тое, што ў экспазіцыйнай прасторы можна пабачыць і атрымаць асалоду ад твораў керамістаў рознага ўзроўню – ад пачаткоўцаў і таленавітых майстроў да знакамітых мэтраў.
Тэматыка Выставы гэтага года – “КераМІФічнае” – адкрывае прастору фантазіі як для Майстра, так і для Гледача.
Міфалагічны сюжэт як палатно ганчарнага кола, што кружляе ў адной плоскасці, выбудоўвае мудрагелістую канструкцыю былі-небылі.
Дасведчаны Аўтар ці малады – неістотна. Бо памяць у нас адна і захоўваецца яна ў кожнай клетачцы чалавека і ў кожнай малекуле гліны. Адзінства і барацьба рук і полымя, што твораць – аснова светабудовы. Стварэнне сусвету ў міфах усіх народаў Зямлі адбываецца праз канфлікт супрацьлеглых інтарэсаў і, у той жа час, у імкненні да зліцця антаганістычных энэргій у баланс і гармонію.
Спыніся, шаноўны Глядач, каб заглыбіцца ў цуды Мінулага альбо ў захапляльнае падарожжа ў Будучыню. Ты ўсё гэта памятаеш – прыгожую ці жахлівую рэальнасць быцця, што распавядаюць нам майстры ў іх асабістых Міфах.
Прысядзь на хвілінку, прымруж вочы і ва ўнісон музыцы ствары сваю казку, свой міф з Вечнасці, бо самае галоўнае – гэта тое, у што верыш Ты, шаноўны Глядач…