Цагліная гісторыя
Большасць з нас успрымае цэглу як будаўнічы матэрыял, ці, калі гэта кавалак цаглінкі, як будаўнічае смецце. Я ж хачу вам распавесці пра цэглу, як след у гісторыі, як носьбіт гістарычнай інфармацыі. Якую ж інфармацыю можа падаць цаглінка? Па-першае, гэта спосаб вытворчасці. Адзін са старэйшых спосабаў вырабу цэглы – драўляная рамка утрамбоўвалася глінаю, лішак здымаўся адмысловым шкрабком, ці матузком, часам майстар, дзеля найлепшага счэпу радоў пры кладцы, праводзіў пальцамі ўздоўж пасцелі цэглы, ці з кута ў кут цагліны (г. зв. пальчатка). Затым цэгла вымалася з рамкі і мусіла пэўны час падсыхаць. У гэты час пачыналася наступная гісторыя – гісторыя адбіткаў, клеймаў. Мы можам пабачыць цэлу з адбіткамі лап кацяняці, ці іншых кашэчых, капытаў дзікіх парасят, ці казлянят, дзікоў, казуляў ці козаў, сабак, ваўкоў і нават нагі малога дзіцяці (на тэрыторыі Беларусі знаходзілі такую цаглінку).
У часы Вітаўта майстры наносілі розныя знакі (зоркі, свастыкі). У пазнейшыя часы уладальнікі цагельняў сталі ставіць штампы з пазначэннем ініцыялаў, а пасля і прозвішчаў уладальнікаў заводаў і месцаў іх знаходжання, ці сваімі ўлюбёнымі месцамі: Paris, London… Затым цэгла абпальвалася ў адмысловай печы і пачыналася іншая гісторыя – гісторыя гандлёвых шляхоў. Так цэгла, вырабленая на цагельні Ваўржына на тэрыторыі Польшчы, трапіла ў Берасце і была выкарыстана пры будоўлі калоніі Варбурга (на жаль амаль цалкам страчанай горадам), ці цэгла, вырабленая на цагельні Томаша Главацкага ў польскім Астраўцы, ці, прыкладам, цаглінка з Баровіцкага цаглянага заводу, што вядзе гісторыю ад 1855 года, калі Нобель заснаваў у Наўгародскай губерні цагельню, што ў Расейскай імперыі трапляла ў Берасце і выкарыстоўваліся пры кладцы грубкі.
[Not a valid template]
Паўлюк Гарбуз, Беларускае Радыё Рацыя