Цэнтр, жыві!



12 траўня адбудзецца паседжанне Эканамічнага суда па Гарадзеншчыне па справе культурна-асветніцкай ўстановы «Цэнтр гарадскога жыцця», які імкнуцца закрыць мясцовыя ўлады. Звольненыя акцёры Гарадзенскага драматычнага тэатры запісалі відэа ў падтрымку прасторы. 

– Дарагі наш “Цэнтр гарадскога жыцця”! Мы не ішлі ў палітыку. Палітыка прыйшла ў нашыя дамы. І калі нас пазбавілі нашага дома, у якім мы пражылі хто 18, хто 40 гадоў, “Цэнтр гарадскога жыцця” прапанаваў нам пляцоўку, на якой нарадзіліся некаторыя нашыя новыя праекты. Дзякуй вам!

– Гэта не канец шляху, гэта – яго сярэдзіна. Вы як былі падмуркам культурнага асяроддзя Гарадзеншчыны і ўсёй краіны,  так і застанецеся назаўсёды. Вы яшчэ праводзіце нас у светлую будучыню новай Беларусі, дзе “Цэнтр гарадскога жыцця” заззяе новымі фарбамі!

Пад зваротам ў падтрымку «Цэнтра гарадскога жыцця», стваральнікам якога з’яўляецца Павел Мажэйка, падпісаліся каля тысячы чалавек.  «Мы выказваемся ў абарону не проста ўстановы, а месца, якое выхоўвае пашану да свайго, робіць наш горад адметным і запамінальным. На выпаленым полі доўга нічога не расце, а мы хочам жыць у горадзе, дзе жыве і развіваецца творчасць, культура, ініцыятыўнасць”, – чытаем у звароце.

Пасля жніўня 2020 года на пляцоўках Цэнтру выступалі звольненыя акцёры гарадзенскіх тэатраў. “Цэнтр гарадскога жыцця” таксама стаў месцам, дзе збіраліся і працавалі валанцёры ByCovid, якія дапамагалі гарадзенскім медыкам у барацьбе з пандэміяй каронавірусу.

Паставіць свой подпіс і падтрымаць «Цэнтр гарадскога жыцця» можна па спасылцы.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё  Рацыя