Ці адбудзецца абласны фэст беларускай паэзіі?



Абласное свята мовы і паэзіі рыхтуецца сябрамі Таварыства беларускай мовы і Саюзу беларускіх пісьменнікаў у Дзятлаўшчыне, што на Гарадзеншчыне. Традыцыйна яно праходзіць напрыканцы лета ў вёсцы Зачэпічы, каля памятнага знаку тром заходнебеларускім паэтам: Пятрусю Граніту, Герасіму Праменю і Васілю Струмяню. Мемарыял знаходзіцца на вуліцы літаратара Пятруся Граніта (псеўданім Івана Івашэвіча). Свята мае адбыцца ўжо трэці раз.

Традыцыя можа перапыніцца з-за ўказу №49, кажа старшыня Дзятлаўскай раённай суполкі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Валер Петрыкевіч:

– У пачатку года выйшаў загад №49 – трэба плаціць вялікія грошы за тое, што мы мерапрыемства арганізуем, а ў нас бывае да сотні чалавек. Трэба, здаецца, 20-ць базавых велічынь – гэта 500 з гакам рублёў. Мы такіх грошай не маем, робім усё на энтузіязме, людзі прыязджаюць за свае сродкі, ніхто нікому ні капейкі не кіне. Праўда нам два гады запар дапамагала мясцовая ўлада, прадстаўнікі аддзелу культуры і ідэалагічнага аддзелу выступалі.

У абласным свяце мовы і паэзіі ў мінулыя гады выступалі такія вядомыя літаратары, як Міхась Скобла, Валянцін Дубатоўка, Сяргей Чыгрын ды іншыя рэгіянальныя паэты ды музыкі. Дзень святкавання пакуль яшчэ не ўзгоднены з мясцовымі ўладамі – заяўнікі чакаюць іх рашэння.

Беларускае Радыё Рацыя