Ці адмовіцца Лепель ад свайго брэнду, які раскручваў пяць год?



Лепяльчан ды іншых беларусаў з розных куткоў краіны цікавіць пытанне: ці будзе праводзіцца ў Лепелі чарговы фэст «У госці да Лепельскага Цмока»? Гэты фэст ужо стаў брэндам горада і надаў яму пазнавальнасць. Падобных беларускамоўных фэстаў з выступам вядомых калектываў і з ініцыятывай ад народу на Віцебшчыне не было. Людзі ехалі туды не толькі павітацца з Цмокам, але патанчыць беларускія танцы і паслухаць бясплатныя канцэрты такіх выканаўцаў як Зміцер Вайцюшкевіч, «Палац», «Стары Ольса», «Рэха» ды іншых.

У гэтым годзе ў раённым маштабе ўлады разам з галоўным арганізатарам фэсту Вольгай Маханенкай фэст ладзіць не будуць. Паводле Вольгі, мінулы год паказаў, што інфраструктура не зусім дазваляе праводзіць такога кшталту мерыпремствы ў выпадку непагадзі.

– Трэба сесці падумаць, як гэта найлепш зрабіць, як найбольш цікавей зрабіць надалей. І таму вырашылі проста ўзяць паўзу. То бок увесь гэты год быў прысвечаны для таго, каб знайсці больш уплывовых людзей, каб знайсці добрыя рэсурсы, каб фэст развіваўся, каб мы маглі яшчэ вышэй падняць гэтую планку і  больш цікава прадставіць наш рэгіён. Вось таму ён у гэтым годзе не адбыўся.

У той час на аграсядзібе „Вялікі Поўсвіж” яе гаспадар Васіль Шкіндзер, даведаўшыся пра тое, што ў вялікім маштабе фэст ладзіцца не будзе, вырашыў падтрымаць гэты брэнд.

Разам з таварыствам інвалідаў ён замест свайго традыцыйнага фэсту «Жнівень»  правёў «Фэст Цмока», каб падтрымаць брэнд горада.

– Мне падабаецца гэты раённы праект, тады Лепельскі раён на слыху.

РР: То бок Вы не будзеце праводзіць свой фэст «Жнівень», а замест яго «Фэст Цмока»?

– Не, калі раён будзе праводзіць фэст у гонар Цмока, то я абавязкова буду праводзіць свой – «Жнівень». Гэты «Фэст Цмока» я правёў, каб узбадзёрыць раён, каб не кідаць гэтую ідэю Цмока. Таму што я лічу, што ён павінен праводзіцца ў раёне.

Нягледзячы на ўсе спрэчкі вакол фэсту «У госці да Лепельскага Цмока», ляпяльчане і турысты, якія прыязджалі ў Лепель, спадзяюцца, што фэст і надалей будзе праходзіць у тым жа фармаце. То бок у цэнтры горада, як і было раней, у статусе міжнароднага. Людзі спадзяюцца на тое, што ён не перамясціцца ў Бярэзінскі біясферны запаведнік, куды не паедзе ўжо так шмат народу, і не звузіцца толькі да фэстаў местачковых аграсядзібаў.

Фотарэпартаж з сёлетняга „Фэсту Цмока”:

Больш падрабязнасцяў пра лёс фэсту „У госці да Лепельскага Цмока” і  спрэчкі вакол яго слухайце ў эфіры нашага радыё ў перадачы „Краязнаўчыя кропкі” 7 жніўня а 21.05 па беларускім часе, у Польшчы на гадзіну раней.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя