Ці атрымае ліцэнзію прыватны Універсітэт імя Ніла Гілевіча?



Старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ) дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім 7 траўня абмеркавала з міністрам адукацыі Ігарам Карпенкам пытанне атрымання ліцэнзіі на адукацыйную дзейнасць прыватным Універсітэтам імя Ніла Гілевіча.

Парламентарый паведаміла БелаПАН, што ТБМ як заснавальніка гэтага прыватнага ўніверсітэта хвалююць розныя аспекты атрымання ліцэнзіі на навучанне студэнтаў, бо ў гэтым пытанні „вельмі многае зарэгламентаванае і жорстка абстаўленае”. Кіраўніцтва ТБМ пісьмова звярнулася ў Міністэрства адукацыі па тлумачэнні тонкасцяў гэтай працэдуры. Было таксама вырашана асабіста абмеркаваць гэтае пытанне з міністрам.

„Не магу сказаць, што Ігар Васільевіч двума рукамі за нас, ён быў вельмі асцярожны ў сваіх выказваннях, — сказала Анісім. — Міністэрства адукацыі ўспрымае нас як канкурэнтаў. Асабліва гэта тычыцца філалагічных, гістарычных, эканамічных і юрыдычных спецыяльнасцяў. На думку міністра, гэтых спецыяльнасцяў у ВНУ хапае”.

„На яго рэпліку пра тое, што трэба думаць аб рынку працы, я сказала Ігару Васільевічу, што мы бачым задачу нашага ўніверсітэта ў тым, каб рыхтаваць людзей, якія будуць здольныя самі адаптавацца да ўмоў рынку працы. Тыя падыходы, якія сёння існуюць у сістэме адукацыі, у прыватнасці тое, што мы быццам бы даем веды, а потым гарантуем уладкаванне на працу, мала дзе прымяняюцца ў свеце. Сваю задачу як установы адукацыі мы бачым не ў тым, каб гарантаваць нешта чалавеку, а ў тым, каб прапанаваць яму веды, даць іх неабходны аб’ём і навучыць чалавека быць адказным самому за сваю будучыню. Так гэта працуе ва ўсім свеце”, — сказала яна.

Дэпутат паведаміла, што ў выніку сённяшняй сустрэчы яна „зразумела, што трэба быць настойлівымі ў ажыццяўленні сваёй задумкі”, нават калі „міністэрства будзе пэўным чынам супраціўляцца або асцярожнічаць”.

„Наша задача — давесці гэтую ідэю да канца. Сёння недастаткова беларускамоўных спецыялістаў, каб выкладаць розныя дысцыпліны нават на школьным узроўні, ужо не кажучы пра ВНУ”, — падагульніла Анісім.

Стварэнне прыватнай беларускамоўнай ВНУ Таварыства беларускай мовы пачало ў 2017 годзе. У канцы верасня Мінгарвыканкам зарэгістраваў універсітэт як структурнае падраздзяленне ТБМ і выдзеліў памяшканне пад офіс будучай навучальнай установы, аднак пасля гэтага сталічныя ўлады доўгі час адмаўляліся рэгістраваць назву ВНУ. Пасля паўтара дзясятка няўдалых спробаў прыватную ВНУ зарэгістравалі пад назвай „Універсітэт імя Ніла Гілевіча”. Неўзабаве пасля гэтага быў зарэгістраваны статут універсітэта.

У канцы траўня стваральнікі ВНУ маюць намер падаць дакументы ў Мінадукацыі для атрымання ліцэнзіі на падрыхтоўку бакалаўраў і магістраў па шэрагу спецыяльнасцяў. Паводле статута ўніверсітэта, навучанне студэнтаў у перспектыве будзе весціся па 56 спецыяльнасцях, але на першы час яго заснавальнікі паспрабуюць атрымаць ліцэнзію на 6—10 спецыяльнасцяў.

Ганаровы старшыня ТБМ і выканаўца абавязкаў рэктара ВНУ гісторык Алег Трусаў раней паведаміў БелаПАН, што ў канцы мая будзе запушчаны сайт універсітэта, а да чэрвеня — сфармаваная праграма падрыхтоўчых курсаў, якія плануецца адкрыць з канца верасня — пачатку кастрычніка.

belapan.by