Ці будзе новае жыццё ў паўразбуранай віцебскай сінагогі?
У Віцебску прайшла Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Спадчына былых сінагог: у пошуках новых функцый і значэнняў”, падрыхтаваная віцебскім Музеем Марка Шагала, Беларускім камітэтам ICOMOS і Еўрапейскім Гуманітарным Універсітэтам.
З паведамленнямі выступілі прадстаўнікі Латвіі і Польшчы, якія падзяліліся досведам захавання габрэйскай спадчыны ў Рэзэкнэ і Любліне. Пра беларускі досвед распавёў супрацоўнік раённага аддзелу культуры з Ашмянаў – гэта бадай што адзіны горад у Беларусі, дзе сінагога была ўратаваная дзякуючы неабыякавасці ўладаў і музейных работнікаў.
Для Віцебску вельмі важнае вывучэнне досведу калегаў, бо ў абласным цэнтры на вачох гіне будынак Вялікай Любавіцкай сінагогі, якую, верагодна, наведвалі бацькі Марка Шагала і сам будучы мастак. Таму лёсам будынку занепакоены захавальнікі ягонай спадчыны, кажа Ірына Воранава, дырэктарка віцебскага Музею Марка Шагала:
– Гэта заканчэнне праекту, які доўжыўся на працягу 2019-га году, у які наш музей трапіў з прапановай, што рабіць з парэшткамі Вялікай Любавіцкай сінагогі ў Віцебску. Бо яна ў такім занядбаным стане, і ніхто не хоча браць за яе адказнасць і нешта рабіць з ёй далей. Лёсу сінагогі быў прысвечаны і круглы стол, у якім узялі ўдзел галоўны рабін Іудзейскага рэлігійнага аб’яднання Беларусі МардэхАй РайхінштЭйн, віцебскія архітэктары і прадстаўнікі ICOMOS.
Лёсу сінагогі быў прысвечаны і круглы стол, у якім узялі ўдзел галоўны рабін Іудзейскага рэлігійнага аб’яднання Беларусі МардэхАй РайхінштЭйн, віцебскія архітэктары і прадстаўнікі ICOMOS.
Фармальна будынак належыць гораду, але ён не мае ахоўнага статусу, і ніхто не займаецца захаваннем, там больш аднаўленнем сінагогі. Клопат пра яе ўзяла на сябе грамадскасць: 7-га ліпеня, у дзень народзінаў Марка Шагала, тут адбыўся першы суботнік. А 12-га верасня тут прайшло адкрыццё арт-аб’екту: у адным з аконных праёмаў сінагогі з’явіўся фотаздымак з жыцця габрэйскай грамады, гаворыць магістрантка ЕГУ Яўгенія Юнашава:
– Гэта архіўны фотаздымак настаўніка з дзецьмі. Бо сінагога – гэта ў тым ліку і школа. І мы бачым гадзіннік, які сімвалізуе час – а ён можа адыгрываць як добрую, так і адмоўную ролю для нас, калі вядзецца пра працу з гістарычнымі будынкамі.
Адкрыццё арт-аб’екту стала сапраўдным святам для жыхароў вуліцы Рэвалюцыйнай, якія нарэшце ўбачылі праявы ўвагі да парэшткаў гістарычнага будынку. Адбыўся нават невялікі канцэрт з удзелам калектываў габрэйскай мастацкай самадзейнасці – тэатру “Менара” і капэлы “Віцебскія дзяўчаты”.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя