Ці дазволіць Берасцейскі аблсавет ушанаваць памяць Луізы Бойд?
Міністэрства культуры Беларусі ды Пінскі райвыканкам лічаць мэтазгодным усталяваць на Піншчыне памятны знак у гонар амерыканскай экспедыцыі, якую ўвосень 1934 года зладзіла знакамітая вандроўніца Луіза Арнэр Бойд. Цяпер дакументы знаходзяцца ў Берасці ў абласным Савеце па манументальнаму і манументальна-дэкаратыўнаму мастацтву.
Сёлета на Піншчыне распрацаваны турыстычны маршрут па шляхах амерыканскай экспедыцыі, з’явілася дакументальная стужка і фотаальбом пад назвай “Палессе Луізы Бойд”.
Краязнаўца Эдуард Злобін паведаміў у чым асаблівая цікавасць да фотаальбома:
– Унікальныя цытаты тыя, якія былі апублікаваныя спачатку ў выданні геаграфічнага таварыства ў 1936 годзе, і пазней у самім выданні 1937 года. У яе занатоўцы назірання чалавека не тое што з-за мяжы, а з іншага кантынента на палескую рэчаіснасць, каментары палескага жыцця, нейкай уласнай своеасаблівасці, а таксама яе пажаданні для развіцця Палескага краю. Таму ў прынцыпе канешне фотаальбом можна назваць палескім дзённікам.
Адказ з Берасця павінен прыйсці на наступным тыдні. Калі абласны Савет дасць канчатковую згоду, то ўсталяванне помніка адбудзецца ўвесну. Ініцыявала ўсталяванне помніка інфармацыйна-асветніцкая ўстанова “Інстытуцыйнага развіцця”.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя