Ці лёгка краязнаўцам папулярызаваць свае знаходкі?
У Віцебску адбылася 5-я навукова-практычная канферэнцыя “Віцебскі край”, у якой узялі ўдзел прафесійныя гісторыкі і аматары краязнаўцы. Прагучала некалькі дзясяткаў найцікавейшых паведамленняў з гісторыі розных рэгіёнаў Віцебшчыны. Пазней яны будуць апублікаваныя ў адмысловым зборніку, які выдаецца за сродкі ўдзельнікаў. І гэта – адзін з нешматлікіх спосабаў, каб распавесці пра вынікі сваіх даследаванняў землякам.
На Віцебшчыне бракуе адмысловага краязнаўчага выдання, лічыць настаўнік гісторыі Мікалай Півавар:
-Тут, канешне, найлепш было б мець нейкі краязнаўчы альманах ці штогоднік. На жаль, у нас такое не выдаецца. Тады застаецца перыядычны друк, і добра, каб было асобнае краязнаўчае выданне – газета. Але ў нас была адзіная на ўсю Беларусь такая газета, і тая прыкрылася. Вы ж ведаеце: не фінансуецца гэта ўсё!
Настаўнік гісторыі з Мёраў, стваральнік 4-х школьных музеяў Вітольд Ермалёнак, за ўласны кошт выдаў тры свае кнігі. Даўно гатова і чацвёртая, але ўжо два гады самы знакаміты краязнаўца рэгіёну вымушаны адкладаць на яе грошы. Адносіны да краязнаўцаў павінны быць іншыя, кажа даследчык:
– Я заўсёды прыводжу прыклад Польшчы. Вось быў у нашай мясцовасці даследчык Атон Гедэман. Ён працаваў у гімназіі, адпрацаваў усяго адзін год, і заўважылі, што ён займаецца краязнаўствам. Тут жа яму далі стыпендыю, і ён выдаваў кніжкі! А я не магу гэтага рабіць.
Краязнаўства сёння стала заняткам энтузіястаў, якія не шкадуюць на гэта ні часу,
ні ўласных сродкаў. І яшчэ адну асаблівасць вызначылі ўдзельнікі канферэнцыі: краязнаўства імкліва “старэе” – сярод даследчыкаў вельмі няшмат маладых людзей, гатовых працягваць адданую і бескарысную даследчыцкую працу па вывучэнні гісторыі сваіх рэгіёнаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск