Ці нададуць Пінкавіцкай бібліятэцы імя Любові Тарасюк?



Прафесары Сяргей Кавалёў і Адам Мальдзіс падтрымалі ініцыятыву землякоў беларускай даследчыцы, літаратаркі Любові Тарасюк (1953-2006) па наданні яе імя Пінкавіцкай бібліятэцы. Знаныя беларускія філолагі, літаратуразнаўцы звярнуліся з адпаведным лістом у Пінскі раённы выканаўчы камітэт.

Прафесар Сяргей Кавалёў удзячны Любові Тарасюк за ўплыў на ягонае станаўленне як крытыка, літаратуразнаўца, драматурга. Старэйшы беларускі навукоўца Адам Мальдзіс уручаў Тарасюк дыплом ганаровага чальца Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў за ўнёсак у развіццё і захаванне беларушчыны.

“Люба са студэнцкіх гадоў плённа працавала пры падрымцы Ніла Гілевіча і Васіля Быкава”, – узгадвае паплечнік, літаратар Анатоль Шушко:

–  Люба ўжо была на слыху. Чаму? Бо пасля 1 курса яна ўжо была стыпендыяткай – адзіная на філфаку атрымлівала студэнцкую прэмію. Яна вучылася выдатна. Любімы настаўнік і яе падтрымка – Ніл Сымонавіч Гілевіч. Яна пасля і засталася на кафедры беларускай літаратуры. Па натуры Любоў Тарасюк была цягавітая. Яна кінулася ў навуку.

Яшчэ ўлетку, калі з’явілася ініцыятыва ад удзячных землякоў беларускай навукоўцы, мясцовыя чыноўнікі паабяцалі вырашыць пытанне станоўча, але справа зацягнулася і аднавяскоўцы Любові Тарасюк звярнуліся да менскіх калег.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя