Ці пахаваны Каліноўскі на гары Гедыміна ў Вільні?
Літоўскія і беларускія СМІ паведамляюць, што гары Гедыміна ў Вільні пагражаюць апоўзні глебы. Гару 20 чэрвеня адмыслова наведаў прэмʼер-міністар Літвы Саўлюс Сквярняліс і упэўніў, што ўрад Літоўскай Рэспублікі неўзабаве прыме рашэньне наконт неабходных працаў.
Некаторыя беларускія даследчыкі сцвяджаюць, што на гэтай гары можа быць пахаваны Кастусь Каліноўскі. Аднак гарадзенскі гісторык, даследчык Каліноўскага Аляксей Кайрыс сумняецца ў гэтай версіі:
– Пасля пакарання на Лукішскім пляцы яго маглі закапаць дзе заўгодна. Расейская ўлада памятала сумны свой досьвед, калі пахавала Шымана Канарскага – дзеяча Рэчы Паспалітай, і ягоная магіла нават узімку нагадвала клумбу, бо людзі ўшаноўвалі яго памяць. Царская ўлада баялася гэтага паўтору з Каліноўскім, таму ён быў пахаваны невядома дзе. Ёсць, канешне, сцвярджэнне, што гэта Замкавая гара. Каб дакладна сказаць, што там пахаваны Каліноўскі, трэба закончыць раскопкі, якія там зараз ідуць, і зрабіць генетычны аналіз.
У 1915 годзе на гары Гедыміна адбыліся раскопкі і была знойдзена магіла паўстанцаў 1863 года. Да 1940 года на месцы пахавання існаваў мемарыял з прозвішчамі паўстанцаў ў тым ліку і з імем Кастуся Каліноўскага.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота lavagra.livejournal.com