Ці сучасныя беларускія літаратары патрабуюць піяру?
Між іншым, гэту тэму абмяркоўваем разам. Здаецца, што зараз усе намнога прасцей: інтэрнэт і сацыяльныя сеткі, розныя камунікатары і аўдыявізуальныя магчымасці. Творчасці гэта дапамагае ці перашкаджае? А тут на сітуацыю трэба глядзець індывідуальна, як кажа прэс-сакратарка Саюза беларускіх пісьменнікаў Віка Трэнас.
Віка Трэнас: Канешне, мы разумеем, што медыйная прастора са з’яўленнем сацыяльных сетак і інтэрнэту істотна адрозніваецца ад той, якая існавала раней, калі я была падлеткам і не было інтэртэту. Бо сустрэчы з чытачамі былі толькі ў рэальным свеце. Так, мы ездзілі па школах, выступалі ў розных гарадах і розных навучальных установах. Друкаваліся на старонках папяровых газет, выдавалі рэальныя кніжкі, якія можна патрымаць у руках. Зразумела, што сітуацыя зараз змянілася. І цяпер, калі шчыра, я думаю, што кожны – і маладое, і старэйшае пакаленне літаратараў – выдатна асвоіў інтэрнэт і карыстаецца ім. Выдаюцца электронныя кнігі, аўдыёкніжкі, пісьменнікі карыстаюцца сацыяльнымі сеткамі і прамоцыяй у іх. Нават ёсць такая прафесія, як SMM-менеджар (Social Media Manager). У нашым Саюзе беларускіх пісьменнікаў мы таксама займаемся такімі функцыямі, у нас ёсць старонка ў Фэйсбуку і Укантакце, маем свой канал на YouTube і SoundCloud. То бок, мы таксама стараемся быць мультымедыйнымі, крочыць у нагу з часам. Наколькі я ведаю, амаль усе нашы сябры асвойваюць інтэрнэт і лічбавыя тэхналогіі і выкарыстоўваюць іх, як толькі гэта магчыма, для прамоцыі сваёй творчасці.
Разам з гэтым усё часцей сустракаем парушэнне аўтарскага права. Паралельна гэтую праблему мы таксама вырашаем у Саюзе пісьменнікаў. У нас ёсць свой юрыст. Гэта выдатная дзяўчына, вялікі прафесіянал, вучылася юрыдычнай справе, у тым ліку за мяжой. Яна кансультуе нашых сяброў у выпадку парушэння аўтарскага права ці то ў рэальным, ці то ў віртуальным жыцці. Таксама мы праводзім лекцыі ў розных гарадах на тэму аўтарскага права сумесна з бібліятэкай kamunikat.org, якая дзеліцца з намі еўрапейскім досведам і дапамагае ў гэтай справе. То бок, усё гэта адбываецца адначасова: існаванне ў публічнай прасторы, рэальныя і віртуальныя выступленні, свецкая хроніка.
Адзначу, што вельмі развітая сучасная беларуская літаратура. Гэта свецкае жыццё ў сацыяльных сетках, асабліва ў Фэйсбуку. Там можна знайсці амаль кожнага беларускага пісьменніка. І я думаю, што пісьменнікі вельмі хораша карыстаюцца ўсімі гэтымі новымі сродкамі.
Мы вельмі хочам прамаваць беларускую літаратуру, паказваць нашы творы чытачам, каб тыя як мага хутчэй іх пабачылі, а не чакалі, напрыклад, месяц, калі выйдзе ў часопісе. Таму выкладаем у інтэрнэце. І тут сутыкаемся з парушэннем аўтарскага права, калі без нашага дазволу штосьці друкуецца. Адзначу яшчэ адзін момант: у пагоні за рэкламай, свецкай хронікай кожны творча мусіць захоўваць асабістую прастору. Калі чалавек піша вершы, раман, то робіць гэта сам-насам з сабой. Гэта вельмі асабісты і глыбока інтымны творчы працэс. Думаю, многія творцы са мной пагодзяцца, што трэба ўмець абараніць сваю прыватнасць ад перазагружанасці інфармацыйнай прасторы, і гэта таксама з’яўляецца праблемай сённяшняга дня.
РР: Я так разумею, што твая пазіцыя такая, што сучасны пісьменнік павінен прысутнічаць у сучаснай інфармацыйнай прасторы, у сацыяльных сетках. Тады яшчэ адно пытанне: а якія спосабы? Я так разумею, што ты гаворыш пра нейкую інтымную пісьменніцкую прыватнасць. Апошнім часам вельмі распаўсюджана тое, што мы называем «фэйсбукаўскім бульбасрачам», ці такі спосаб таксама мае права на існаванне ў сучасным свеце? Хочацца ўзгадаць старое: «Слова не верабей…», а сёння вельмі часта гэтыя словы выскакваюць і цяжка іх вярнуць.
Віка Трэнас: Так, я разумею, што вы маеце не ўвазе, але ад пачатку скажу, што я не бываю ў фэйсбуку асабістым. Ён у мяне ёсць у рабочых мэтах і выключна рабочы. У нас ёсць афіцыйная старонка Саюза беларускіх пісьменнікаў, але, па шчырасці, я не ўдзельнічаю асабіста ў абмеркаваннях і нейкіх асабістых перамовах паміж літаратарамі. Я не чытаю фэйсбучных навінаў, і таму, магчыма, маё выказванне будзе не настолькі глыбокім. Я стараюся ў гэта не паглыбляцца і лічу, што гэта якраз момант, які мы згадвалі ў папярэднім пытанні, адносна таго, што мы ўсе індывідуальна ўспрымаем існаванне ў публічнай прасторы. Камусьці хочацца раскрыць публіцы і пяці тысячам сваіх сяброў усе таямніцы і чуткі, усё гэта абмеркаваць, пераварыць і, магчыма, разабрацца з кімсьці публічна. Але, як вы правільна сказалі, «слова не верабей», усё напісанае ў інтэрнэце застаецца і потым прыпамінаецца. Я лічу, што гэта індывідуальна: камусьці хочацца ўдзельнічаць у гэтым працэсе, а камусьці — не. Асабіста мне не хочацца. Больш за тое, існуе паняцце карпаратыўнай этыкі. То бок, напрыклад, у нашай грамадскай арганізацыі мы прафесійныя пытанні і тое, што датычыцца нашай унутранай працы, адміністрацыйнай працы, — усё гэта не выносіцца ў сацыяльныя сеткі, нічога падобнага мы не абмяркоўваем.
РР: Праца прэс-сакратаром у пісьменніцкай арганізацый неяк адрозніваецца ад працы звычайнага прэс-сакратара? Пісьменнікі ж творчыя натуры, да іх патрэбны іншы падыход.
Віка Трэнас: Сапраўды, свая спецыфіка ёсць: у першую чаргу ўвесь калектыў нашай грамадскай арганізацыі, хоць нас зусім мала, але ўсе мы знаходзімся самі ў літаратурным працэсе дастаткова сур’ёзна. Гэта азначае, што мы ведаем практычна ўсіх літаратараў, а адных нашых сяброў каля 500, а ёсць яшчэ і іншыя пісьменнікі, якія не з’яўляюцца сябрамі Саюза пісьменнікаў. Усіх гэтых літаратараў мы ведаем у твар, калі можна так сказаць, камунікуем з імі, падтрымліваем сувязь, дапамагаем ім выдаваць кнігі, ладзіць прэзентацыі. Кожны з іх можа прыйсці да нас, паразмаўляць, параіцца, атрымаць інфармацыйную падтрымку і любую іншую дапамогу, якая ў нашых сілах. Адпаведна, для таго, каб працаваць у літаратурнай грамадскай арганізацыі, неабходна разбірацца ў літаратурным працэсе, ведаць, хто і што піша, быць кампетэнтным. Хоць, зрэшты, гэта ж можна сказаць і пра любую іншую сферу.
Паводле Вікі Трэнас, пісьменніцкая арганізацыя актыўна прысутнічае ў сацыяльных сетках і выкарыстоўнае іншыя тэхнічныя магчымасці дзеля папулярызацыі беларускай літаратуры.
Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя