Ці ўшануе памяць Аляксея Карпюка “Белпошта”?
Гарадзенскі гісторык прапанаваў ушанаваць памяць беларускага пісьменніка Аляксея Карпюка выданнем да 100-гадовага юбілея памятнай маркі і канверта.
Адказ “Белпошты” не здзівіў Андрэя Вашкевіча:
– Я, шчыра кажучы, не вельмі спадзяваўся, што будзе ў іх такая магчымасць зрабіць гэты канверт. Але быў натхнёны тым, што беларуская пошта рэагуе на падзеі, звязаныя з беларускай гісторыяй і літаратурай. Канверты робяцца цікавыя. Напрыклад, быў да стагоддзя Янкі Брыля, нашага гарадзенца, можна сказаць таксама, выдадзены ў 2017 годзе.
На наступны год запланаваная марка, прысвечаная Андрэю Макаёнку. Наконт Аляксея Карпюка адказалі, што ў планах выдання такой маркі, канверта або паштовай карткі, на жаль, няма. Таму прыйдзецца штосьці надрукаваць сваімі сіламі.
У Гародні імем Аляксея Карпюка названа вуліца, а некалькі месяцаў таму была ўсталяваная памятная шыльда ў яго гонар. Гісторык Андрэй Вашкевіч лічыць, што да 100-гадовага юбілея пісьменніка ў Гародні таксама можна было б імем пісьменніка назваць адну са школ горада, а таксама правесці яшчэ шэраг мерапрыемстваў па ўшанаванні памяці славутага земляка.
Беларускае Радыё Рацыя