Ці ўшануюць 100-гадовы юбілей Аляксея Пысіна на Магілёўшчыне?
22 сакавіка споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта, публіцыста, удзельніка Другой сусветнай вайны, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы, заслужанага работніка культуры Беларусі, аднаго са знакамітых асобаў Магілёўшчыны Аляксея Пысіна (1920-1981).
У 1941-1945 гадах Аляксей Пысін удзельнічаў у баях на Заходнім, Калінінскім, Ленінградскім, 1-м і 2-м Прыбалтыйскіх франтах. Быў двойчы паранены. З 1946 года вярнуўся на радзіму, жыў і працаваў у Магілёве. Пры жыцці выдаў шмат кніг паэзіі. Апошняя з якіх выйшла ажно 31 год таму.
Паўстае пытанне: ці ўшануюць жыхары Магілёўшчыны свайго знакамітага земляка? Ці будуць адкрыты яму помнікі ў Магілёве ці ў Краснаполлі? Ці парупяцца Магілёўскі аблвыканкам і гарвыканкам, Краснапольскі райвыканкам, каб шырока адзначыць гэты 100-гадовы юбілей? Ці можа будуць выдадзены кнігі твораў Аляксея Пысіна, найперш яго вершы, дзіцячыя творы, публіцыстыка, якая не выдавалася? Ці можа парупяцца зямлякі Аляксея Васільевіча і выдадуць фотаальбом, набор паштовак, буклеты, прысвечаныя яму асабіста і яго літаратурнай спадчыне? Ці можа пачне выдавацца поўны збор твораў Аляксея Пысіна?..
Пакуль, на вялікі жаль, нічога гэтага да юбілею Аляксея Пысіна не падрыхтавана і не зроблена. Мясцовыя чыноўнікі, ідэолагі, пісьменнікі нават і не рупяцца, каб ушаваць памяць пра свайго паэта і ветэрана вайны.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя