Ці выйдзе “Авель” на экраны?
На Беларускім Радыё Рацыя ды шэрагу незалежных СМІ з’явіліся публікацыі пра кінаскандал агульнабеларускага маштабу, а таксама чуткі ды плёткі звязаныя з заканчэннем працы ды выхадам у адкрыты пракат і на прэстыжныя міжнародныя кінафестывалі чатырохсерыйнага мастацкага фільма “Мы, браты” – першапачатковая назва “Авель”.
Пісалася, што велізарныя сумы выдаткаваныя дзяржавай на кіно нібыта былі скрадзеныя. Фільм завочна быў абвешчаны адказам на стужку “Жыве Беларусь!”, якая ўзяла шэраг міжнародных прызоў. Таксама сцвярджалася, што галівудскія акцёры, якія бралі ўдзел у здымках, былі махлярамі – львоўскім каскадзёрам ды менскім блазнам.
Наш карэспандэнт сустрэўся з прадзюсерам стужкі “Мы, браты”, кіраўніком незалежнай кінакампаніі “Nonstop Media” Сяргеем Ждановічам:
РР: Раскажыце пра ідэю і гісторыю ўзнікнення былога “Авеля”?
Сяргей Ждановіч: Спачатку быў абвешчаны Мінкультам конкурс на стварэнне нацыянальнага кінапраекта, абавязковай умовай фінансавання якога з’яўляўся ўдзел у будучым двух акцёраў класа “А”, што былі намінаваныя альбо з’яўляюцца ўладальнікамі “Оскара”. Фільм мусіў адлюстроўваць знакавыя падзеі, што адбыліся ў краіне. Мы прапанавалі хваляванні на Плошчы. Нашы два браты там і апынаюцца – адзін, як супрацоўнік праваахоўных органаў, другі выпадковым назіральнікам мірнай акцыі, якая ператвараецца ў сутычку з уладамі. Мы паказваем, як апошнімі аддаюцца загады па разгону. А славутае “Што-та не так!” замест “Жыве Беларусь” прыдумаў наш брыгадзір масоўкі Віталь Кутас. Мы сустракаліся з Франакам Вячоркам, які запытаўся – маўляў, зразумела, што паказваеце мітынг, але дзе ж сцягі, без якіх ён ніколі не абыходзіўся?! Канешне, я прадбачыў, што адпаведныя асацыяцыі будуць, як і з выбухам у метро на Нямізе, што таксама скарысталі. І фільм будуць спрабаваць “упакаваць” у палітычную заказуху. Але тады на кожнай “пераробленай органамі” старонцы нас прымусілі б паставіць подпісы і ў часе здымак на пляцы Незалежнасці блукалі б “ціхары”. Лічу, што фільм першапачаткова быў бы наканаваны на паразу. Мы не даем ацэнкі дзеянням бакоў. Ёсць гераіня – наша Сара Обдан – што жыве ў Амерыцы ды з’яўляецца чальцом таямнічага ордэна каінітаў. Адбываецца сцэна самаспалення, што ёсць у нашым трэйлеры. Але з далейшымі падрабязнасцямі да прэм’еры пачакаем! Прынамсі, заходнія дыстрыбутары спачатку былі перакананыя, што кіно пра Украіну. Між іншым, чаму “Мы, браты” ў назве праз коску – гэта зварот да гледачоў двух братоў…
Мы звязаліся з Прагай, дзе зараз знаходзіцца сцэнарыст ды другі рэжысёр фільма Кшыштафа Лукашэвіча “Жыве Беларусь!” Франак Вячорка:
Франак Вячорка: Я глядзеў толькі трэйлер, які яны паказалі ў Канах, дзе я апынуўся адначасова. Я задаў пытанне Ждановічу, чаму толькі англамоўны дубляж, прапанаваў зрабіць па-беларуску. Там нарэзалі Эрыка Робертса, Наташу Алан, перакуленых машын і пажараў – гэта не значыць, што фільм будзе якасны і заваюе экраны. Таму пра ўсё цяжка гаварыць да Канскага кінарынку. Але хвалюе тое, што фільм аброс скандаламі і зроблены за дзяржаўныя грошы! Кіно – гэта хвацкасць і лоўкасць прадзюсера. Як Ждановіч усім гэтым скарыстаўся – пабачым у часе з’яўлення фільма. Я амаль перакананы, што будзе дзве версіі – на амерыканскі кінарынак, як хоча Ждановіч, яшчэ адну палітычна скарыстае БТ перад прэзідэнцкімі выбарамі на руку ўладаў – я баюся гэтага…
Вяртаючыся да размовы з прадзюсерам Сяргеем Ждановічам:
Сяргей Ждановіч: У Амерыцы была падпісаная дамова з дыстрыбутарнай кампаніяй, што ўзялася прадстаўляць наша кіно на “Берлінары”. У канчатковым варыянце робім замах і на “чырвоную дарожку” ў Лос-Анджалісе. Вызначылі тэрміны паказу ў нацыянальных кінатэатрах і на ТБ.
РР: Ну а цяпер пра чуткі і плёткі пра былы “Авель” ніжэй “ватэрлініі”, як было сказана ў кулуарах нядаўняга 14 з’езда Саюза кінематаграфістаў – пра сотні тысяч даляраў, нібы, завезеных у Амерыку, пра “галівудскага” рэжысёра, які аказаўся львоўскім каскадзёрам Сяргеем Васільевым ды нямецкага акцёра – менскага блазна. Да таго ж ён, як абяцалася, не быў паказаны на “Лістападзе-2014”…
Сяргей Ждановіч: Не маглі паказаць недаробленага матэрыялу, што мае шанцы выйсці на міжнародны ўзровень. Ужо ёсць прапановы на паказ ад альтэрнатыўнага маскоўскага тэлеканала “RTVI”. У нас ёсць дзве тэхналагічныя версіі – 176 хвілін на чатыры серыі і на 98 на пракат у кінатэатрах. Цяпер дыстрыбутары сказалі – зробіце англамоўны, кітайскі ды іспанскі варыянты з акцёрамі ды адпаведнымі тэхнапараметрамі колеракарэкцыі ды графікі – пойдзем на планетарны пракат. Але да “прапановы” патрабуецца чэк – на сотні тысяч даляраў. Дзяржава выдзеліла 20 мільярдаў беларускіх рублёў – яны ўжо з’едзеныя інфляцыяй. Мяне зараз лаюць – куды кінуўся без досведу! А хто яго ў нас меў?! Што да Уільяма ды Віталя – я запрасіў вядомага каскадзёра, у нас аператара-пастаноўшчыка са Львова, але ў яго за 300 працаў, у тым ліку ў Галівудзе. Што да „скрадзеных” мной 500 тысяч “зялёных” – я не ў Амерыцы, перад вамі і на волі. Асабіста ж стаўлю задачу не толькі вярнуць дзяржаве грошы, але і зарабіць на “Мы, браты”…
Пры канцы красавіка “Nonstop Media” плануе зрабіць закрыты паказ “Мы, браты” для кінакрытыкаў і журналістаў. У канцы траўня, калі шанцаванне не кіне стваральнікаў – закрытая прэм’ера ў адборачным туры на прэстыжнейшым кінарынку ў Канах.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя