Ці выкупяць габрэі Вялікабрытаніі слонімскую сінагогу?
На аўкцыёне ў Гародні, які адбыўся 15 чэрвеня, слонімскую сінагогу прадаць не змаглі, ніхто не купіў. Кошт яе быў 135 тысяч беларускіх рублёў. Наступны аўкцыён запланаваны на жнівень. І кошт на сінагогу, магчыма, будзе зніжаны.
Брытанскі фонд габрэйскай культуры паспрабуе выкупіць слонімскую сінагогу 1642 года. Пра гэта паведаміў сябра фонду Сайман Каплінскі, які, дарэчы, быў у Слоніме пару гадоў таму і аглядаў сінагогу. Гэты фонд трохі ўжо ўклаў сродкаў на даследаванне старога помніка. Але што на самой справе будзе з сінагогай у Слоніме – пакуль невядома. За апошнія дзесяць гадоў у Слонім прыязджалі габрэі з усяго свету і абяцалі дапамагчы, укласці грошы, аднавіць сінагогу. Многія багатыя габрэі маюць непасрэднае дачыненне да Слоніма, скуль былі родам іх бацькі, дзяды і прадзеды. Але ніхто канкрэтна Слоніму дапамагчы пакуль не можа, справы толькі на словах, а сінагога працягвае разбурацца.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя