Ціханоўская прызначыла Вольгу Шпарагу сваім прадстаўніком па адукацыі



Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская прызначыла члена асноўнага складу Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне Вольгу Шпарагу сваім прадстаўніком па адукацыі.

„У гэтым статусе філосаф, кандыдат філасофскіх навук і выкладчыца Вольга Шпарага зоймецца каардынацыяй рабочых груп і экспертаў у галіне адукацыі, праграм падтрымкі студэнтаў і выкладчыкаў, якія пацярпелі ад рэпрэсій”, — паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.

У планах таксама распрацоўка праекта рэформы беларускай адукацыі на ўсіх яго ступенях. Найбліжэйшым часам каманда, якую ўзначальвае Шпарага, сфармуе адпаведную раду, якая аб’яднае значных спецыялістаў сферы, адзначаецца ў паведамленні.

„Мы ставім перад сабою задачу зрабіць так, каб аказанне дапамогі студэнтам і выкладчыкам, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсій, не вяло толькі да опцыі пакінуць краіну, але дазваляла ім заставацца тут і працаваць для новай, дэмакратычнай Беларусі”, — цытуе Шпарагу прэс-служба Ціханоўскай.

Вольгу Шпарагу двойчы затрымлівалі на акцыях пратэсту ў Менску — 4 і 9 кастрычніка. Пасля адміністрацыйнага арышту, які яна адбыла ў Жодзіне, член КР пакінула Беларусь, бо ёй прысудзілі яшчэ 12 сутак арышту.

30 верасня Ціханоўская прызначыла прадстаўніком правоў чалавека Гары Паганяйлу — вядомага юрыста і праваабаронцу, які быў адвакатам у многіх справах аб правах чалавека ў Беларусі, уключаючы справы Паўла Шарамета, Дзмітрыя Завадскага і іншых. Больш за 20 гадоў ён з’яўляецца намеснікам старшыні Беларускага Хельсінкскага камітэта.

Прадстаўніком па эканамічных рэформах экс-кандыдат у прэзідэнты прызначыла эканаміста Алеся Аляхновіча, які з’яўляецца віцэ-прэзідэнтам аналітычнага цэнтра CASE-Belarus, займаецца распрацоўкай эканамічных рэформаў для Беларусі.

5 кастрычніка Ціханоўская прызначыла сваім старшым палітычным дарадцам члена палітрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Аляксандра Дабравольскага, дырэктара Усходнееўрапейскай школы палітычных даследаванняў (зарэгістраваная ва Украіне).

Дарадцам па міжнародных адносінах Ціханоўская прызначыла беларускага журналіста Франака Вячорку, аналітыка Атлантычнага савета (аналітычны цэнтр са штаб-кватэрай у Вашынгтоне) і віцэ-прэзідэнта платформы Digital Communication Network, якая аб’ядноўвае экспертаў у розных галінах у мэтах сумеснага стварэння інструментаў і прадуктаў для СМІ, бізнесу, арганізацый грамадзянскай супольнасці.

Экс-кандыдат у прэзідэнты таксама прызначыла сваім прадстаўніком па справах моладзі і студэнтаў актывістку ініцыятывы „Моладзевы блок” і члена асноўнага складу Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі Алану Гебрэмарыям.

Ціханоўская раней заявіла, што падтрымлівае працу Грамадскай канстытуцыйнай камісіі, якая займаецца распрацоўкай праекта змяненняў і дапаўненняў у Асноўны закон у рэдакцыі 1994 года. Старшыня гэтай камісіі — кіраўнік Вярхоўнага савета Беларусі 12-га склікання (1994—1995) заслужаны юрыст Беларусі Мечыслаў Грыб, каардынатар працы — кіраўнік Цэнтра даследаванняў і прагнозаў развіцця „Еўрапейскі дыялог” Анатоль Лябедзька, экс-старшыня АГП, дэпутат ВС Беларусі 12-га і 13-га скліканняў. Яны сталі яе прадстаўнікамі па канстытуцыйнай рэформе.

belapan.by