Ціхі юбілей Янкі Журбы



Імя Янкі Журбы непарыўна звязана з Полацкам. Сёння, 30 красавіка, у старажытным горадзе на Дзвіне адзначаюць 140-годдзе паэта.

Кажа полацкі паэт Алесь Аркуш:

– Янка Журба дэбютаваў з вершамі на старонках легендарнай газеты „Наша Ніва” ў 1908 годзе. І лёс ягоны звязаны з Полацкам. Тут ён скончыў Полацкую настаўніцкую семінарыю, тут ён пачаў пісаць вершы, тут ён пражыў апошнія гады свайго жыццё, тут памёр і пахаваны на полацкіх Ксавер’еўскіх могілках.

Сакратар літаратурнай прэміі „Гліняны Вялес” Андрэй Новікаў лічыць, што пры новай уладзе нічога да ўшанавання паэта не дадалося. Хіба што з’явілася мемарыяльная шыльда на доме, у якім ён жыў.

– У Полацку ёсць мемарыяльная шыльда, бібліятэка імя Янкі Журбы і вуліца. Дзякуючы гэтай бібліятэцы, дзякуючы вуліцы дзеці ў Полацку ведаюць паэта. Відавочна і ў школе вывучаюць, бачыў, што мая пляменніца вучыла верш Журбу… Можна было б зрабіць, канешне, нашмат больш. Гэта такая знаная постаць у беларускай літаратуры. Можна раскруціць гэта ўсё нашмат цікавей.

На жаль, юбілей паэта полацкія гарадскія ўлады праігнаравалі. Толькі ў дзіцячай бібліятэцы імя Янкі Журбы запланавана на сёння адмысловае мерапрыемства для школьнікаў. Аднак палачане цэлы дзень будуць наведваць магілу паэта. Тут ужо шмат кветак і знічоў.

Беларускае Радыё Рацыя