Цуд на Палессі. Дзясятуха
У глыбінцы Палесся адзначаюць Дзясятуху. Гэта ўнікальнае рэлігійнае свята захавалася ў вёсцы Мясяцічы, што ў 25 кіламетрах на поўдзень ад Пінска. Трапіць сюды магчыма едучы па шашы на Столін. Галоўнае, на раскрыжаванні пасля Марозавіч павярнуць на Лемяшэвічы.
Сама дарога вельмі цікавая, праязджаеш такія населеныя пункты, дзе напрыклад, дагэтуль захаваліся могілкі для сялян і шляхцюкоў альбо праваслаўныя аберагаюць каталіцкія скульптуры. Толькі то зусім іншыя гісторыі, нас жа цікавяць Мясяцічы і тутэйшая Дзясятуха.
Пяць стагоддзяў мінуўшчыны ад каралевы Боны
Сёлета вёска адзначае 500-годдзе свайго заснавання. У пісьмовых крыніцах яе згадваюць у 1516 годзе, але каля вёскі знойдзеныя стаянкі бронзавага і жалезнага веку. Мясяцічы – невялікае паселішча ў Пінскім раёне, тут жыве да 100 чалавек і тое ў летні сезон, калі на лецішчы з’яжджаюцца гараджане.
Упершыню вёска згадваецца як уладанні Марціна і Ваньчы Літвіновічаў, чые правы на зямлю ў 1524 годзе пацвердзіла каралева Бона, а пазней і сам кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт ІІ. Такім чынам Мясяцічы сталі вотчынай шляхецкага роду Літвіновічаў.
Свята-Параскева-Пятніцкая царква ў Мясяцічах
На апошнім годзе існавання Рэчы Паспалітай, жыхары пабудавалі Свята-Параскева-Пятніцкую царкву. Яна сапраўды перадае палескі каларыт, як у архітэктурным сэнсе, так і па захаваўшымся, намоленым не адным пакаленнем палешукоў, абразам. Занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння. На поўдзень ад царквы стаіць двух’ярусная зрубна-каркасная званіца.
У 1893 годзе ў вёсцы з’явіўся цудадзейны абраз Божай Маці. У непагадзь, на хвалях Прыпяці, яго заўважыў матрос Іван Шпакоўскі, які і прывёз абраз у родныя Мясяцічы. Зафіксавана некалькі цудадзейных фактаў, звязаных непасрэдна з Мясяцічскай Божай Маці. Святыня захоўваецца ў кіоце, які выраблены ў Нью-Ёрку ў 1929 годзе. Палешукі, якія выязджалі на заробкі ў Злучаныя Штаты Амерыкі, выканалі наказ аднавяскоўцаў.
У 1912 годзе тут нарадзіўся пісьменнік Фёдар Одрач (сапраўднае прозвішча: Шаламіцкі). Ён працаваў настаўнікам і рэдактарам у рэгіянальных газетах. Дзякуючы яго творам магчыма даведацца пра даваеннае жыццё ў Вільні, дзе ён вычуўся і ў думках патрапіць у жыццё палешукоў у трывожным 1939 годзе. У часы Другой Сусветнай вайны Фёдар Одрач пакінуў Палессе, перабраўшыся ў Канаду, дзе раптоўна памёр ў 1964 годзе.
Старажытныя могілкі ў Мясяцічах
Стагі сена ў вёсцы Хрысцібалавічы, што побач Мясячіц, фота 1934 год, Луіза Арнер Бойд.
Пасля Грамадзянскай вайны, калі паняволеныя народы Расейскай імперыі пачалі будаўніцтва нацыянальных дзяржаў, у Мясяцічах з’явіўся палкоўнік Іван Данілавіч Кірдан. Яго постаць мае асаблівае значэнне для мясцовых жыхароў. Пра жыццёвы шлях Кірдана Радыё Рацыя ўжо падрабязана распавядала гл.: Няпросты крыж протаірэя Іаана.
Прабеглі пяць стагоддзяў гісторыі. Застаецца толькі спадзявацца, што вёска не знікне і яе наперадзе яшчэ чакае не адное стагоддзе. Прынамсі жыхары перакананыя ў будучыні, бо вераць, што іх Мясяцічская Божая Маці не пакіне гэтых мясцін.
Дзясятуха: паганства, ўніяцтва альбо сувязь з цудам?
У Пінскай праваслаўнай епархіі, асаблівае ўшанаванне жыхарамі Мясяціч дзясятай пятніцы (Дзясятуха) пасля Вялікадня, звязваюць са з’явай Божай Маці. Настаяцель Параскева-Пятніцкай царквы, іерэй Аляксандр Каляда кажа, што традыцыя бярэ пачатак пасля таго, як вёска займела цудадзейны абраз на 10-ю пятніцу пасля Вялікадня.
Магчыма і так, але ж з’ява іконы адбылася ўвосень 1893 года, а Вялікдзень адзначаецца ўвесну. Сведка падзеі Аляксей Мікалаевіч Шпакоўскі пакінуў успаміны:
«Купецкае судна, якое накіроўвалася з Пінска ў Кіеў, заспела непагадзь. Моцны вецер кідаў баржу з боку ў бок. Капітан прыняў рашэнне перачакаць. Каманда стала на якар. Вечарам матрос Іван Міхайлавіч Шпакоўскі, меўшы мянушку «дзед Ульяныч», выйшаў на палубу. Яго ўвагу прыцягнуў невялікі прадмет, свяціўся і плыў супраць плыні ў бок Пінска. Дзед Ульяныч быў смелы. Ён узяў лодку, падплыў да дзіўнага прадмета і асцярожна выняў яго з вады. Аказаліся невялікая дошчачка з выявай Маці Божай з Дзіцяці на руках. Абраз матрос беражліва ўзяў з сабой. Неўзабаве непагадзь сціхла. Каманда спакойна дабралася да Кіева, дзе судна стала на зімоўку. Матросаў распусцілі па дамах. Іван Міхайлавіч вярнуўся ў родныя Мясяцічы. У той час абраз ўяўляў сабой выразны, маляўнічы, вельмі прыгожы вобраз, які на працягу 3 гадоў быў у доме Шпакоўскіх. Аднойчы ў вёсцы адбыўся моцны пажар, але дом Шпакоўскіх застаўся цэлы. Сям’я дала прытулак пагарэльцам. Адна з жанчын, чый дом згарэў, не адрознівалася набожнасцю і павагай да святынь. Як толькі яна ўлеглася на лаву перад іконай, то імгненна заслона пакрыла абраз. Шпакоўскі паспрабаваў зняць нажом налёт, але спроба аказалася дарэмнай. Нож сагнуўся, а рука Івана Міхайлавіча стала сохнуць. Такой яна і засталася да смерці. Абраз аднеслі ў царкву, дзе заслона тут жа знікла. Зайдзрасць прымусіла забраць Шпакоўскага святыню назад дадому, дзе зноў пакрылася заслонай. Даўшы зарок ніколі не забіраць яе, Шпакоўскі зноў аднёс абраз у царкву. Святар не ўшанаваў святыню. І замест таго, каб адслужыць малебен перад цудадзейнай іконай, ён стаў саскрабаць нажом налёт. Але і яго спробы былі няўдалыя»…
Свята-Параскева-Пятніцкая царква
Крыж над званніцай
Вядома, што ў 1920-я гады новы святар, протаірэй Іаан Кірдан праз вяскоўцаў, якія выязджалі на заробкі ў Злучаныя Штаты Амерыкі, замовіў кіот. Каўчэг зрабілі майстры ў Нью-Ёрку, так цудадзейны абраз і захоўваецца. Хрэсны ход, які ахопліваў некалькі сёлаў, пачалі рабіць на “Дзясятуху”.
Значыць дзясятую пятніцу па Вялікадню адзначалі і да з’явы цудадзейнага абраза Мясяцічскай Божай Маці. Рэдактар беларускай грэка-каталіцкай газеты “Царква” Ігар Бараноўскі, даведаўшыся пра традыцыю ў палескай вёсцы, выказаў меркаванне, што “Дзясятуха” бярэ пачатак у часы ўніяцтва. Тое, што свята закладзенае раней, чым з’ява іконы, пацвярджае і аўтарытэтны літургіст, духоўны пісьменнік Сяргей Булгакаў (1859-1932). У ягоным выданні “Настольная кніга свяшчэнна-царкоўна служыцеля” за 1913 год гаворыцца:
“Мне распавядалі, што ў нейкім беларускім сяле асабліва шануецца 10-я Пятніца, у прастамоўі яна называецца там „Дзясятуха”. У гэты дзень у мясцовым храме шмат вернікаў і набажэнства адрозніваецца асаблівай урачыстасцю. І тамтэйшы бацюшка падчас хроснага ходу замест малітоўнага прашэння да Вялікапакутніцы Параскевы абвяшчае такі неймаверны запеў: – Святая Дзясятуха, малі Бога аб нас!”
Мясяцічская Божая Маці, Маці Божая Чанстахоўская і Ікона Праабражэння Гасподня, якія захоўваюцца ў царкве
Дакладна – “Дзясятуху” ў Мясяцічах святкавалі да ўшанавання цудадзейнага абраза Божай Маці. Пэўна з цягам часу спалучылі дзясятую пятніцу са з’яваю святыні і мелі рацыю. У любым выпадку, гэта ўнікальная традыцыя, якая захавалася нягледзячы на ўсе трагедыі ХХ стагоддзя і аздабляе нацыянальную спадчыну Беларусі.
Цуды на “Дзясятуху” Мясяцічскай Божай Маці
Па словах вернікаў, абраз творыць цуды. У 1930-я гады сляпая жыхарка вёскі Радчыцк (сучасны Столінскі раён) хадзіла пешшу ў Мясяцічы, пераадольваючы 25 кіламетраў, з верай, што Божая Маці ёй дапаможа. Цуд здарыўся. Калі скончыўся малебен перад абразом, жанчына расплюшчыла вочы і ўбачыла святло. Па розных праблемах вернікі звяртаюцца да святыні і сцвярджаюць, што адчуваюць Божую ласку.
Святыня дапамагла і праўнучцы таго самага матроса Шпакоўскага, Вользе Пахальчук:
“У пачатковых класах у мяне сістэматычна балела галава, урачы не маглі даць рады. З малітвай аб заступніцтве маці мяне праводзіла пад абразом. Неўзабаве боль сышоў. Трэба сказаць, што па нашым мясцовым звычаі, кожны, хто атрымаў благадаць, прыносяць да падножжа святыні хустку. Так і я разам з маці зрабіла. Пасля ахвяраванні раздаюць бедным”.
Просьба ласкі да Мясяцічскай Божай Маці
Некалькі гадоў таму рэліквію хацелі скрасці. Злачынца спрабаваў таемна пранікнуць у храм. Што яму перашкодзіла – невядома, але мясцовыя кажуць пра абарону вышэйшай сілы.
Цудам вяскоўцы называюць і тое, што Мясяцічы вытрымалі нацыстскую навалу, перажылі рэпрэсіі бальшавікоў, збераглі веру ў часы ганенняў і панавання атэізму. Вясковая царква Святой Параскевы-Пятніцы не закрывалася з часоў пабудовы ў 1794 годзе. За савецкім часам вернікі знеслі ў храм абразы і іншыя царкоўныя рэчы з усіх бліжэйшых святынь, якія руйнавалі камуністы. Калі прыйшло адраджэнне і цэрквы адбудавалі, то абразы вярнулі на месца. Як тое не цуд? Канечне, ласка Стваральніка Сусвета, але без моцы духу, без вернасці вытокам і без захавання чалавечага аблічча, хіба б вытрымалі…
Колькі такіх мясцовых традыцый, гісторый, легенд, колькі такіх крыніц, якія зліваючыся ўтвараюць вялікую беларускую культуру.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара