“Цудоўня” робіць праект “КоТ(Д) Гародні”



Гарадзенская  этнакрама “Цудоўня” запускае праект пад назваю “КоТ(Д) Гародні”.

У праекце будуць прадстаўлены каты на фоне славутасцей горада ў выглядзе паштовак і магнітаў. Распавядае заснавальнік “Цудоўні”, адзін з аўтараў праекту Андрэй Несцяровіч:

– Большасць паштовак, на якіх ёсць выявы Гародні, большасць магніцікаў, якія прадаюцца на Савецкай, у “Белсаюздруку”, яны, мякка кажучы, прэзентуюць гэты горад не так, як хацелася б нам, гарадзенцам, якія гэты горад любяць. І ўжо дакладна не так, як прэзентуецца горад тым, хто сюды прыедзе. А паштоўкі і магніцікі – гэта напэўна самы распаўсюджаны і масавы спосаб прэзентацыі і рэпрэзентацыі нейкай славутасці.

На думку Андрэя Несцяровіча, на паштоўках будуць прадстаўлены як самыя знакамітыя месцы, так і малавядомыя:

– Гадзіннік на Фарным касцёле – сёння гэта самы стары гадзіннік у Еўропе з захаваным механізмам супрацьвагаў. Каложская царква, канешне, папсовая кропка, але куды ж без яе? Кірха лютэранская, сфінкс на Новым замку – не сам замак, а менавіта гэтая дэталь. Пажарная каланча.

Адной са славутасцяў, прадстаўленых у праекце, стане таксама Музей побыту Януша Паруліса, а першы наклад магнітаў ужо з’явіўся ў „Цудоўні”. Плануецца, што да ўсіх магнітаў і паштовак, што выйдуць у гэтым праекце, будзе невялічкае апісанне гісторыі пра месца, што намалявана на выяве. Замовы на ўнікальныя паштоўкі і магніты прымаюцца праз сацыяльныя сеткі “Цудоўні”.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота Сяргея Апановіча