«Цудоўня» стварае платную бібліятэку



Этнакрама «Цудоўня» кожны тыдзень робіць цікавыя прапановы гарадзенцам, каб зацікавіць іх беларускай літаратурай. Гэтым разам у цэнтры Гародні з’явіцца платная бібліятэка, аналагаў якой няма на Гарадзеншчыне.

Пра новы сэрвіс распавядае гаспадар «Цудоўні» Андрэй Несцяровіч:

– Запускаем сэрвіс платнай бібліятэкі, то бок для тых людзей, у якіх і так кніжныя паліцы ломяцца ад таго, што на іх стаіць, і купляць кнігі ўвогуле не зусім рэзонна, а чытаць новыя ўсё ж такі хочацца. За чвэрць кошту ад кнігі можна будзе ўзяць яе і проста пачытаць. І гэтыя кнігі, якія будуць хадзіць да людзей, яны будуць ужо выстаўляцца ў асобны блок. Іх набыць таксама можна будзе, зразумела, з істотнай зніжкай. Так вы проста можаце прыходзіць, браць і чытаць, тым самым падтрымліваючы і нас, і выдаўцоў, а заадно чытаючы новую сучасную класную літаратуру па-беларуску.

Літаральна некалькі дзён таму «Цудоўня» запусціла так званы тэст-драйв палічак з беларускімі кнігамі. Прадстаўнікі «Цудоўні» спадзяюцца, што сэрвіс платнай бібліятэкі таксама будзе цікавы кожнаму, хто цікавіцца беларускай паэзіяй і літаратурай.

Беларускае Радыё Рацыя