ЦВК СССР: Настрой у Беларусі ўнушае непакой



У 1925 годзе польская выведка атрымала па сваіх каналах з сакратарыята Цэнтральнага выканаўчага камітэта СССР інфармацыю, якая датычыла ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў Савецкім Саюзе. Дакумент, які захоўваецца ў Цэнтральным вайсковым архіве ў Рэмбертове (Польшча), сярод іншага, таксама ўтрымлівае кароткую характарыстыку сітуацыі ў Беларусі.

БССР.

„З БССР афіцыйных дадзеных не маем. Па дадзеных, атрыманых праз асобу, блізкую да ЦВК СССР, настрой у Беларусі ўнушае непакой з увагі на шэраг выступаў і дзейнасць даволі добра зарганізаваных банд колькасцю да 30-40 чалавек. Назіраецца рост антысемітызму і трывогі ў сувязі з чуткамі пра блізкую вайну. Ніякіх асаблівых хваляванняў, аднак, няма”.

Гомельская губ.

„Настрой сялян пагоршыўся ў сувязі з чуткамі пра магчымую вайну, што адбіваецца на тэрчастках /няяўцы/. Ураджай трохі вышэй за сярэдні, але агульнае гаспадарчае становішча не палепшылася ў сувязі з масавым продажам сялянамі ската скупшчыкам па вельмі заніжаных цэнах /баяцца рэквізіцый/. Крымінальна-палітычны бандытызм нязначна ўзмоцніўся. Цяжкасці звязаныя з падзелам лясоў, бо сяляне самастойна замацоўваюць лясныя ўчасткі за сельсаветамі і нават асобнымі гаспадаркамі. Асобныя выпадкі расправаў над габрэямі і камуністамі”.

Аляксей Трубкін, Беларускае Радыё Рацыя