Турэмныя шыльды на грудзях беларускіх юнакоў



Вельмі часта гляджу на гэтыя фотаздымкі беларускіх хлопцаў са Слонімскага павету.

Ім было тады па 20-30 гадоў. Гэта яны ў былой Заходняй Беларусі ў 1920-1930-х гадах патрабавалі школ на роднай мове, гэта яны вялі актыўную барацьбу за выбары ў Польскі сейм у 1928 годзе, гэта яны адкрывалі Народныя дамы, бібліятэкі, клубы, тэатры. Гэта беларускія хлопцы вазілі з Вільні на Слонімшчыну беларускія кнігі, стваралі гурткі Таварыства беларускай школы, гэта яны ў клубах і гуртках чыталі творы Янкі Купалы і Якуба Коласа, Максіма Багдановіча і Цёткі, гэта яны ставілі спектаклі па п’есах Янкі Купалы, Францішка Аляхновіча, Леапольда Родзевіча, Уладзіслава Галубка. Гэта яны хацелі вызвалення Заходняй Беларусі і аб’яднання яе з БССР. А іх за ўсё гэта пілсудчыкі арыштоўвалі, саджалі ў турмы, вывешвалі на грудзях вось такія турэмныя шыльды і білі. Актыўны дзеяч у Заходняй Беларусі, арганізатар гурткоў ТБШ у Слонімскім павеце, адказны рэдактар беларускай газеты «Наша праўда», удзельнік Другой сусветнай вайны, педагог, вязень польскіх і савецкіх лагераў Серафім Татарын (1903-1988) пры жыцці часта ўспамінаў, як у 1936 годзе, за тыдзень да вяселля, яго палякі арыштавалі трэці раз.

Арыштавалі і пасадзілі ў Картуз-Бярозаўскі канцлагер, дзе рэжым быў надзвычай жорсткі. “Аднойчы, — часта ўспамінаў Серафім Лук’янавіч, — упрэглі мяне з двума палітзняволенымі замест коней у барану. Шляя, якую адзелі на нас, была з дроту, які балюча ўпіваўся ў цела. Пот, слёзы крыўды і нянавісці засцілалі вочы…”. У 1920-1930-х гадах на Слонімшчыне жылі паэты і грамадскія актывісты Леанід Клён (Леанід Бялькевіч, 1910-1931) і Уладзімір Бялько (1911-1933). Хлопцы выдавалі розныя беларускія пракламацыі, патрабавалі беларускіх школаў, што не падабалася польскай уладзе, пісалі вершы. Спачатку арыштавалі Леаніда Клёна, яго прывезлі ў Міжэвіцкі пастарунак паліцыі, а потым у Слонімскую дэфензіву. Там юнака моцна катавалі. Паліцыянты стараліся біць Леаніда так, каб яму моцна балела і нідзе не было відаць знакаў катаванняў. Яму клалі на грудзі дошку і па дошцы білі цяжкай жалезнай гірай. Вязень кашляў кроўю, а вонкавых прыкметаў пабояў не было бачна. А пасля выпусцілі дамоў, дзе ён хутка памёр. Пазней дэфензіўшчыкі так зрабілі і з другім слонімскім юнаком- змагаром за беларускасць Уладзімірам Бялько (1911-1933). Ён выдаваў падпольную газету “Піянер”, пісаў вершы. Юнака з вёскі Мяльканавічы таксама катавалі падобным чынам у турме, а потым адправілі дамоў, дзе ён хутка і памёр…

І такіх прыкладаў можна прывесці безліч. Турэмныя шыльды на грудзях гэтых беларускіх хлопцаў-герояў – гэта мемарыяльныя шыльды, каб мы памяталі, каб мы ведалі юных змагароў за нашу мову, культуру, гісторыю, за нашу Беларусь.

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з архіва аўтара