Тузін індыкоў у гарадзенскай галерэі “У майстра”



У Гародні ў галерэі “У майстра” адбылося адкрыццё персанальнай выставы Ірыны Радкевіч “Індык суседкі”. Выстава – гэта каля тузіна працаў, на якіх вясковая птушка індык паказана ў розных праявах.

Пра свае працы распавядае Ірына Радкевіч:

– Намалявала першага індыка ў 2013 годзе. Мяне ён вельмі здзівіў. Я ўбачыла індыкоў на снезе. Яны вельмі цікавыя птушкі. Зіма, халодна, птушкі ўвогуле пяро так настаўляюць, каб сагрэцца. А ў індыкоў хвост, падхвостак… Так убачыла гэтых птушак. І яны вельмі прыгожыя. Таму ў мяне тут і такія назвы – “Лета”, “Восень”, “Зіма”.

Для мастацтвазнаўцы Наталлі Паўленка гэтая выстава – як адыход ад звычайнасці:

– Выстава, можна сказаць, звязаная з лаканічнасцю, з маленькім светам, але прыгажосць гэтага света раскрываецца праз форму, праз тое, што штодзённае жыццё не можа быць не прыгожым, штодзённае жыццё кожны дзень можа вызываць нейкія свае захапленні і жаданне жыць далей. Праз індыкоў мы бачым, што свет у нас значна вялікшы, чым тое, што ў нас ёсць, трэба толькі выйсці нават не за двор, а выйсці са знаёмай прасторы.

Пабачыць вясковую прыгажосць індыкоў Ірыны Радкевіч ў галерэі “У майстра” магчыма будзе цягам трох тыдняў.

Беларускае Радыё Рацыя