Андрэй Хадановіч: Можна смела працягнуць руку рускамоўнаму калегу (абноўлена)
Канфлікт вакол дыскрымінацыі расейскамоўных аўтараў у Беларусі створаны штучна. Так лічаць сябры беларускага ПЭН-Цэнтру. Літаральна тыдзень таму з’явілася інфармацыя пра выхад з арганізацыі шэрагу яе сябраў. Гэта было звязана з выказваннямі кіраўніцтва на адным з мерапрыемстваў.
У той жа час старшыня ПЭН-Цэнтру Андрэй Хадановіч прынёс прабачэнні за спрэчныя выказванні, якія былі дапушчаныя ў адным з дакументаў арганізацыі. Ён лічыць, што кожны з бакоў будзе па-свойму мець рацыю, і нават сярод расейскамоўных аўтараў існуе падзяленне на ўгодных і няўгодных уладам аўтараў:
– Унутры літаратуранага поля беларуская мова мацнейшая. Сёння беларускамоўны літаратар пачуваецца настолькі моцным і абароненым унутры літаратурнага поля, што можна смела працягнуць руку свайму рускамоўнаму калегу. Але не ўсякаму, а таму, хто сам сябе лічыць беларускім літаратарам.
“Пашырэннем кола асобаў, уцягнутых ў штучна створаны канфлікт, займаюцца самі журналісты, або асобы, блізкія да іх, – перакананы літаратар Адам Глобус.
Усе разумеюць, што беларуская мова і літаратура ў больш прыгнечаным стане, чым расейская мова і расейскамоўная літаратура, – дадаў Адам Глобус. Са словаў літаратара, нягледзячы на тое, у Беларусі ёсць пэўная колькасць расейскамоўных аўтараў, якія нон-канфармісты, якія не пагаджаюцца з дзеяннямі ўладымі, і якім патрэбная абарона.
* * *
Прыезд пісьменніка і перакладчыка Альгерда Бахарэвіча і пісьменніка, мастака і выдаўца Адама Глобуса арганізаваў у Берасці беларускі ПЭН-Цэнтр. Тут у творчай прасторы незалежнага тэатра ’’Крылы Халопа’’ адбылась першая з серыі “Сустрэч з Гедройцам”. У 2012 і 2013 гадах Альгерда Бахарэвіча ганаравалі ІІ прэміяй Ежы Гедройца за „Малую медычную энцыклапедыю …” і „Гамбургскі рахунак …”, а ў 2013-м кніга Адама Глобуса „Сказы” была адзначана ІІІ прэміяй.
Адзін з галоўных удзельнікаў імпрэзы Альгерд Бахарэвіч лічыць, што беларуская літаратура ў рэгіёнах становіцца ўсё больш папулярнай:
– Я, насамрэч, не чакаў, што прыйдзе так шмат людзей, што будзе такая цікавасць да нашага выступу. Гэта сведчыць пра тое, што не толькі ў Менску жыве беларуская літаратура, і не толькі там яна цікавая. Хоць у самім Менску шмат хто ўпэўнены ў адваротным. Уражаны рэакцыяй, уражаны ўвагай тых, хто прыйшоў.
ПЭН-Цэнтр ладзіць такія сустрэчы сумесна з Амбасадай Рэспублікі Польшча. Яны пройдуць яшчэ ў Гомелі, Магілёве, Гародні і Беластоку.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Цалкам матэрыял у гукавым фармаце