Творчы пленэр у гонар Міхала Казіміра Агінскага



У Слоніме ў мікрараёне Альбярцін пачаўся двухдзённы творчы пленэр у гонар Міхала Казіміра Агінскага (1729-1800).

Міхал Казімір Агінскі ў другой палове XVIII стагоддзя зрабіў Слонім сваёй асноўнай рэзідэнцыяй. Ён пабудаваў у горадзе над Шчарай славуты тэатр, які стаў вядомым на ўсю Еўропу.

У пленэры прымаюць удзел слонімскія мастакі Яўген Іваноў, Андрэй Сідараў, Васіль Грыневіч, Казімір Кулеша і іншыя. Усе яны ўваходзяць у слонімскую суполку “Арт-Слонім”.

Пленэр у гонар Міхала Казіміра Агінскага мастакі распачалі ў былым сядзібна-паркавым ансамблі Войцеха Пуслоўскага, а потым ён працягваўся ў цэнтры горада, дзе захаваліся аўстэрыя і канал Агінскага. Ёсць у горадзе вуліца Оперная, па якой артысты спяшаліся ў свой вялікі тэатр, а таксама вуліца Агінскага. Памяць Агінскага ўшанавана і ў мемарыяльнай дошцы, прымацаванай да будынку сучаснага тэатра ў цэнтры горада. А побач з тэатрам гетману пастаўлены бюст.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара