Творчы вечар Алеся Чобата ў Гародні
У Гародні прайшоў творчы вечар Алеся Чобата: літаратара, грамадскага дзеяча 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Сустрэча была прымеркаваная да нядаўняга юбілею – 55-годдзя паэта і выхаду яго зборніка „Кароткая гісторыя Беларусі”.
Імпрэза прайшла ў арт-галерэі „Крыга”. Пра творчасць Алеся Чобата кажа рэдактар ягонага зборніка, паэт Анатоль Брусевіч:
– Тое, што кніга выйшла, гэта вельмі добра. Бо сёння мы маем масу белетрыстыкі ў беларускай вербальнай прасторы, маем шмат кніг у Польшчы, Літве і Еўропе. Але, на жаль, сучасная еўрапейская літаратура зараз дэградуе. На гэтым фоне кніжка Алеся выглядае дастойна.
Цяпер Алесь Чобат жыве ў Скідзелі, ён – інвалід па зроку. Пасля мінулагодняй аперацыі на вочы Алесь Чобат цалкам згубіў зрок. Таму такая сустрэча была ўнікальнай магчымасцю пачуць літаратара і яго вершы ва ўласным выкананні, а таксама пакладзеныя на музыку Алесем Дзянісавым.
[Not a valid template]
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота аўтара