Творчыя сустрэчы на “Вішнёвым панадворку”
“Вішнёвы панадворак” у Глыбоцкім цэнтры культуры запрасіў жыхароў і гасцей горада на паэтычную сустрэчу паэтаў трох раёнаў – Глыбоцкага, Шаркоўшчынскага і Докшыцкага. Таксама падчас свята адбыўся творчы канцэрт Ганны Шаколы і прэзентацыя яе трэцяга песеннага зборніка.
Па словах Ганны Шаколы, нарэшце збылася яе мара – яна вельмі хацела пісаць на духоўную тэму.
– Зборнік называецца “Песняй славім цябе, Божа!”, у які ўвайшлі 32 песні. Я вельмі ўдзячная Богу, напэўна я атрымала ад яго нейкую ласку, што гэты зборнік з’явіўся на свет.
Прыемнай нечаканасцю для наведвальнікаў мерапрыемства стаў і выступ лідара рок-гурта 12/07 з Менску Андрэя Шаметы. Яго вершы прысутным нагадалі байкі Кандрата Крапівы, а песні – творчасць Уладзіміра Высоцкага:
– Мяне ўсё натхняе – усё, што не праходзіць міма, што прымушае радавацца, крыўдзіцца, хвалявацца – усё, што не пакідае абыякавым. Пішу я ў асноўным тэксты, радзей – вершы, напэўна, таму што вырас на Уладзіміры Высоцкім і Юрыі Клінскіх.
Падчас свята супрацоўнікі Глыбоцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі, якія рыхтавалі гэтае мерапрыемства, раздавалі буклеты наведвальнікам з рэцэптамі страваў з вішань і візітоўкі. З дапамогай іх запрашалі часцей наведваць бібліятэку і падобныя вечарыны.
[Not a valid template]
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара