Творы эпіграматыста сусветнай славы выйшлі па-беларуску
У менскім выдавецтве “Альфа-кніга” выйшлі з друку “Выбраныя эпіграмы” Марка Валерыя Марцыяла на беларускай мове. Эпіграмы з лацінскай мовы пераклаў Анатоль Клышка – заслужаны работнік культуры Беларусі, пісьменнік, мовазнаўца, перакладчык, аўтар беларускага “Буквара”.
Скупыя звесткі, якія праз стагоддзі дайшлі да нас, сведчаць, што нарадзіўся Марцыял у Іспаніі ў горадзе Більбіле непадалёк ад сённяшняй Сарагосы. Яшчэ вядома, што недзе ў крыху больш за дваццацігадовым узросце ён прыязджае ў 64-м годзе за часы Нерона ў Рым. Добра падрыхтаваны ў граматыцы і рыторыцы, ён меў шанцы стаць прафесійным адвакатам. Але ўрэшце больш прыдаўся яму занятак кліента. Ён добра знаўся з філосафам Сенекам і яго пляменнікам Луканам, аўтарам “Фарсаліі”. Пачынаючы з 40-гадовага ўзросту, Марцыял пісаў эпіграмы. Без Марцыялавых эпіграм з іх трапнасцю нечаканых канцовак не абыходзіліся шматлікія рымскія анталогіі. І ў Сярэднявеччы, і ў часы Адраджэння ў Марцыяла было шмат чытачоў і нямала творчых паслядоўнікаў. Ён плённа паўплываў на ўсю еўрапейскую эпіграму.
Цяпер беларускі чытач дзякуючы Анатолю Клышку можа пазнаёміцца з эпіграмамі Марцыяла на роднай мове. Вось як, напрыклад, гучаць пару з іх.
***
Хваліць усіх, Калістрат, абы не хваліць самых вартых.
Ды каму кепскіх няма, хто ж будзе добры яму?
***
Крупы мы тут пасылаем; багаты прышле табе мёду,
А не захоча прыслаць ён табе мёду – купі.
***
Ёсць і такія – зусім не лічаць мяне за паэта,
Лічыць паэтам, аднак, той, хто мяне прадае.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя