Творы Льва Бакста і яго сучаснікаў прадставяць у Менску



Творы сусветна вядомага мастака, сцэнографа, мадэльера Льва Бакста і яго сучаснікаў прадставяць на выставе ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, паведамляе БЕЛТА. Арт-праект будзе праходзіць з 10 лютага па 17 красавіка.

000027_67488_big

У экспазіцыі „Час і творчасць Льва Бакста”, прымеркаванай да 150-годдзя з дня нараджэння майстра, будуць дэманстравацца больш за 40 яго прац, выкананых у розных жанрах і тэхніках: ад жывапісу і графікі да тэатральных эскізаў.

Наведвальнікі музея таксама змогуць убачыць арыгіналы акварэльных малюнкаў яшчэ аднаго знакамітага майстра – Напалеона Орды. 12 унікальных акварэляў прадастаўлены Нацыянальным музеем у Кракаве. На іх намаляваны віды Гародні другой паловы XIX стагоддзя – такімі, якімі іх заспеў Леў Бакст.

З горада на Няве паступяць дзве тэатральныя афішы аўтарства французскага пісьменніка, мастака і кінарэжысёра Жана Както, раней у Беларусі не экспанаванага.

Цікавасць у наведвальнікаў выклічуць працы сучаснікаў Бакста – М.Валошына, К.Пятрова-Водкін, К.Багаеўскага. Мастацкі музей Літвы прадаставіў для выставы аўтарскія творы М.Чурлёніса, чые арыгіналы экспанаваліся ў Менску ў апошні раз больш за 100 гадоў таму.

Леў Бакст (Разенберг) нарадзіўся ў 1866 годзе ў Гародні. Выставы работ Льва Бакста праводзяцца ў прэстыжных музеях свету. Цэны на яго творы б’юць рэкорды продажаў на аўкцыёнах.

bakst1-113

У 2012 годзе з аўкцыёну Christie’s у Лондане тэатральны эскіз „Жоўтая султанша” Бакста быў прададзены больш чым за 1.000.000 еўра.

Фота БелТА