Творы пісаў на паперы з мяшкоў з-пад цэменту
19 чэрвеня беларускаму пісьменніку, перакладчыку, педагогу і праваслаўнаму святару Пятру Бітэлю (1912-1991) спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння.

Нарадзіўся Пятро Бітэль 19 чэрвеня 1912 года ў мястэчку Радунь Лідскага павету. Быў хрышчаны ў Лідскім Свята-Міхайлаўскім праваслаўным саборы. Скончыў Беларускую Віленскую настаўніцкую семінарыю (1931), Менскі педінстытут (1970). У 1931-1939 гадах працаваў настаўнікам. У 1944 годзе юнака вывезлі ў Германію, а калі вызвалілі – служыў у Чырвонай Арміі.
Пасля вайны зноў працаваў настаўнікам, а потым стаў праваслаўным святаром. У 1950 годзе Пятра Бітэля арыштавалі і асудзілі на 10 гадоў. Зняволенне адбываў у Кемераўскай вобласці, Омску і Джэзказгане. У вольны час там пісаў паэтычныя творы і займаўся перакладамі. Рукапіс перакладу паэмы „Пан Тадэвуш” Адама Міцкевіча быў зроблены ў лагеры на паперы з мяшкоў з-пад цэменту, ён захоўваецца цяпер у Музеі гісторыі беларускай літаратуры.
Пасля сталінскіх лагераў Пятро Бітэль пэўны час настаўнічаў, служыў у царкве. Яго рэабілітавалі толькі ў 1978 годзе.
Друкавацца Пятро Бітэль пачаў з 1929 года ў часопісе „Шлях моладзі” пад псеўданімам Леанід з-пад Вішнева. Аўтар паэм „Замкі і людзі” (1968), „Сказанне пра Апанаса Берасцейскага” (1984). Пераклаў на беларускую мову творы Адама Міцкевіча („Пан Тадэвуш”, „Конрад Валенрод”, „Гражына”, „Дзяды”, „Крымскія санеты”), польскамоўныя паэмы і п’есы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, аповесць Юзафа Крашэўскага „Хата за вёскай”, (1989) і многія іншыя.

Беларускае Радыё Рацыя
