Тыдні Германіі ў Беларусі ўпершыню адбудуцца вясной
Сёлета Тыдні Германіі ў Беларусі пройдуць у 17-ты раз і ўпершыню – вясной, з 10 сакавіка па 30 красавіка, а не ўвосень, паведаміла намеснік кіраўніка місіі пасольства Германіі ў Беларусі Аня Лютэр 6 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Менску.
Паводле яе слоў, Тыдні Германіі традыцыйна ладзіць пасольства сумесна з Інстытутам Гётэ ў Менску, прадстаўнікамі нямецкіх культурных арганізацый у супрацоўніцтве з беларускімі ўстановамі і партнёрамі.
«Калі будзе шмат інфармацыі, рэкламы, і мы ўбачым, што варта праводзіць Тыдні Германіі вясной, а не ўвосень, то цалкам магчыма, гэта будзе на пастаяннай аснове. Ва ўсякім выпадку мы за тое, каб мерапрыемствы праводзіліся штогод», – сказала Лютэр.
Сярод мерапрыемстваў яна выдзеліла канцэрт, падчас якога будзе выкананая араторыя «Страсці па Мацвею» Іагана Себасцьяна Баха для аркестра і двух хораў. Гэты музычны шэдэўр, паводле слоў Лютэр, «выконваецца ў Беларусі цалкам вельмі і вельмі рэдка». Канцэрт адбудзецца 21 сакавіка ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі.
Тыдні Германіі пачнуцца выставай «Шляхі нямецкага мастацтва», якую прэзентуе Інстытут Гётэ ў Палацы мастацтваў. Выстава адкрыецца вечарам 10 сакавіка і будзе працаваць па 12 красавіка.
Паводле слоў намесніка кіраўніка місіі нямецкага пасольства, традыцыйна адбудуцца і кінапаказы: пяць мастацкіх фільмаў пра Берлін на нямецкай мове з рускімі субцітрамі будуць дэманстравацца ў музеі З.Азгура з 15 па 19 красавіка, а сучасныя кароткаметражныя фільмы – у культурным цэнтры «Корпус» (8–9 красавіка).
Творчыя мерапрыемствы і ўнікальныя інтэрактыўныя акцыі пройдуць у бібліятэках Берасця, Баранавічаў, Барысава і Маладзечна.
Як паведаміў дырэктар Інстытута Гётэ ў Менску Якаб Рачэк, выстава «Шляхі нямецкага мастацтва» – унікальны для Беларусі праект, які ўключае прыблізна 400 твораў мастацтва больш як 100 аўтараў. У беларускую сталіцу прывезеныя работы са збору Інстытута міжнародных сувязяў, які налічвае 23 тыс. аб’ектаў мастацтва, створаных з 1949 года па цяперашні момант. «У нашай гісторыі яшчэ не было мерапрыемства такога, як »Шляхі нямецкага мастацтва«. Гэта спроба на пяць тыдняў пабудаваць у Менску музей нямецкага мастацтва. Палац мастацтваў змяніўся ўнутры ў плане інтэрʼеру і архітэктурных рашэнняў. Мы імкнуліся стварыць па-сапраўднаму музейную атмасферу», – адзначыў Рачэк.
Паводле яго слоў, выстава рыхтавалася на працягу апошніх двух гадоў, і ў Менск «на чатырох грузавіках прывезена 16 тон мастацтва». Выставу будуць суправаджаць цікавыя мерапрыемствы, сярод якіх тры куратарскія экскурсіі і дыскусіі пра нямецкае мастацтва.
Згодна з інфармацыяй Рачэка, з 24 па 30 красавіка ў Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы імя М.Астроўскага будзе працаваць выстава 50 кніг і 30 плакатаў «Усё гэта сямʼя!», а ў Інстытуце Гётэ 16 красавіка адкрыецца выстава «Ва ўладзе пачуццяў», прысвечаная падзеям грамадскага і палітычнага жыцця Германіі за апошнія 100 гадоў і «пачуццям (ад страху да захаплення), якія яны выклікаюць».
Як сказала кіраўнік праектаў Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна Ірына Кашталян, у межах Тыдняў Германіі майстэрня правядзе шэсць мерапрыемстваў. Сярод іх перасоўная выстава «Лагер смерці Малы Трасцянец. Гісторыя і памяць» у выставачнай зале Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. У майстэрні 3 красавіка пройдзе майстар-клас «Стэрэатыпы ці ўжо антысемітызм?», прэзентацыя дыдактычных матэрыялаў «Незабытыя ахвяры вайны» і адкрыццё аднайменнай выставы (15 красавіка), адбудзецца прэзентацыя інфармацыйнага партала, прысвечанага паднявольным работнікам у перыяд нацыянал-сацыялізму (24 красавіка).
Поўная праграма Тыдняў Германіі апублікаваная на сайце www.minsk.diplo.de.
БелаПАН
Фота: БелТА