Тыдзень моды пройдзе ў Беларусі з 7 па 11 лістапада



Тыдзень моды Belarus Fashion Week пройдзе з 7 па 11 лістапада на пляцоўцы НВЦ „Белэкспа”, паведамілі ў прэс-цэнтры мерапрыемства.

Мэта Belarus Fashion Week – папулярызаваць і прасоўваць беларускіх вытворцаў дызайнерскага адзення на модным рынку як у Беларусі, так і за мяжой. На Тыдні моды будуць дэманстравацца толькі новыя калекцыі сезона вясна-лета – 2019 ад вядучых брэндаў краіны. Традыцыйна праграму форуму дапоўняць паказы лепшых калекцый дзіцячага дызайнерскага адзення.

Будзе прадстаўлены сумесны праект Беларускай палаты моды з Беларускай асацыяцыяй дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам „Новыя магчымасці”. Ён закліканы даць шанец людзям з інваліднасцю праявіць сябе ў сферы моды: на працягу некалькіх месяцаў яны былі ўключаныя ва ўсе этапы стварэння вобразаў сумеснай калекцыі сезона вясна-лета – 2019 – ад ідэі да пашыву і прэзентацыі. Калекцыя выканана з выкарыстаннем ручной вышыўкі.

Прэзентуюць таксама калекцыі дызайнераў, якія працуюць з этнічнай тэмай і ствараюць вырабы з беларускага лёну.

zviazda.by