Тыдзень папулярызацыі творчасці паэтэсы Яўгеніі Янішчыц



“Янішчыцкі лістапад”. На Піншчыне аб’яўлены тыдзень папулярызацыі творчасці паэтэсы Яўгеніі Янішчыц – адной з яскравых і таленавітых прадстаўнікоў беларускай літаратуры. Мерапрыемствы з нагоды дня народзінаў зямлячкі ладзіць раённая бібліятэка. З-за пандэміі выставы, літаратурныя спатканні арганізоўваюцца ў віртуальнай прасторы.

Па словах краязнаўцы Эдварда Злобіна, вялікі ўнёсак у папулярызацыю спадчыны Янішчыц быў зроблены трыццаць гадоў таму:

– Канешне, трэба зняць капялюш перад Антанінай Паўлаўнай Сідарук, якая была ініцыятарам стварэння і працяглы час кіравала музеем Янішчыц у школе вёскі Парэчча. Напэўна другі усплеск папулярызацыі асобы адбыўся, калі Пінская раённая бібліятэка пачала насіць імя Яўгеніі Янішчыц.

Яўгенія Янішчыц нарадзілася 20 лістапада 1948 года ў вёсцы Рудка Пінскага раёна. Пры жыцці выдала сем паэтычных зборнікаў, яе многія вершы пакладзеныя на музыку. Янішчыц вядомая аматарам паэтычнага слова ва ўсім свеце, яе творы перакладзеныя на звыш чым дзясятак моваў свету. Трагічна загінула 22 лістапада 1988 года ў Менску.

Беларускае Радыё Рацыя