Тыдзень папулярызацыі творчасці Яўгеніі Янішчыц
На Піншчыне трывае Тыдзень папулярызацыі творчасці Яўгеніі Янішчыц, прысвечаны 72-годдзю паэтэсы.
У яго межах адбудзецца конкурс чытальнікаў, паэтычны вечар ды літаратурна-музычная імпрэза. Галоўная падзея – прэзентацыя чацвёртага, апошняга, тома выдання “Яўгенія Янішчыц: творы, жыццяпіс, каментарыі”.
Заснавальніца Народнага музея паэтэсы, які месціцца ў вёсцы Парэчча, Антаніна Сідарук адзначае, што на гэтым даследаванне літаратурнай спадчыны Янішчыц не скончыцца:
– Не можа быць, каб не было даследавання. Як піша Тамара Сяргееўна Нуждзіна: „Ёсць у культурна-мастацкай прасторы свету такія імёны, такія постаці, што як магніт прыцягваюць да сябе. А створаны імі ўнікальны свет мастацкіх малюнкаў, вобразаў, мелодый вабіць і зачароўвае, не адпускае, становіцца часткай цябе самога”. Менавіта такой праз час, праз гады бачыцца Яўгенія Янішчыц.
З’яўленне шматтомніка пра жыццё і творчасць Яўгеніі Янішчыц стала магчымым дзякуючы працы цэлай каманды – сваякі, сябры і калегі творцы. Непасрэдным укладаннем займаліся навукоўца Святлана Калядка і пісьменніца Тамара Аўсяннікава.
Беларускае Радыё Рацыя