“Тыдзень роднай мовы” ў Пінску



У Пінску пачаліся мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы, які штогод адзначаецца 21-га лютага. Гарадская бібліятэка падрыхтавала вялікую выставу “Мова – крыніца чалавечага жыцця”. У экспазіцыі творы айчынных літаратараў мінуўшчыны і сучаснасці.

“Наша літаратура насычана годнымі імёнамі”, – кажа выкладчыца беларускай мовы Ніна Стэльмах, якая завітала на адкрыццё выставы:

– Калі ўзяць нашую літаратуру, беларускую літаратуру,  то і ў больш старажытнай літаратуры, і ў сучаснай беларускай літаратуры можна назваць вельмі многа дастойных імёнаў пісьменнікаў, паэтаў, людзей, якія на самой справе любяць сваю мову, якія стараюцца бараніць яе, стараюцца паставіць яе на належную вышыню. І, канешне, усё гэта мы стараемся данесці да сваіх дзяцей, каб дзеці гэта ведалі, разумелі.

Ужо з панядзелка ў Пінску пачнецца “Тыдзень роднай мовы”, які зладзіць гарадская бібліятэка. У межах тыдня запланаваны літаратурны вечар, адкрыццё гукавой выставы “Слову беларускаму гучаць!”, а таксама сустрэчы моладзі з мясцовымі літаратарамі.  

Беларускае Радыё Рацыя, Пінск

Фота libpost.of.by