Тысячы людзей прыехалі да іконы Усецарыцы ў Сынковічы
31 жніўня ў вёсцы Сынковічы Зэльвенскага раёна адбылося вялікае свята іконы Усецарыцы. У Ватапедскім манастыры, што на святым Афоне ў Грэцыі, захоўваецца сем цудатворных абразоў Божай Маці. Сярод іх – ікона Усецарыцы.Копія гэтай іконы, напісаная манахамі Ватапедскага манастыра, прыкладзеная да арыгінала і асвечаная ва ўсіх 20 манастырах Афона, ёсць і ў Сынковіцкай царкве.
Знаходзіцца ў храме яшчэ адна копія Усецарыцы, упрыгожаная ў кіёце сотнямі каштоўных вырабаў. Гэта дары людзей, якія пасля шчырых малітваў ля іконы Божай Маці атрымалі вылячэнне ад анкалагічных захворванняў і ад бясплоддзя. Пагалоска пра цуды ў Сынковіцкім храме хутка разнеслася не толькі па ўсёй Беларусі, але і далёка за яе межамі.
У прастольнае свята іконы Усецарыцы ў Сынковічы прыехалі тысячы людзей з Беларусі, Расеі, Украіны. У час Божай літургіі, якую вёў настаяцель храма протаіерэй Арсеній Ананка ў саслужэнні з іншымі свяшчэннаслужыцелямі, храм не мог умясціць усіх жадаючых. Гучная трансляцыя вялася і звонку храма. Пасля літургіі шматлюдная працэсія з харугвамі і іконай Усецарыцы наперадзе пайшла Хрэсным ходам да святой крыніцы. Па шляху ўзносіўся акафіст Усецарыцы. Каля святой крыніцы адслужылі малебен, а затым усе жадаючыя акунуліся ў святую купель.
[Not a valid template]
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльвенскі раён
Фота аўтара