У 1920-х гадах была створана Целяханская савецкая рэспубліка
У 1921 годзе вёска Целяханы апынулася ў складзе Польшчы і стала цэнтрам Целяханскай гміны Косаўскага павета.
Тады ў вёсцы пражывалі каля 900 чалавек, з якіх амаль 400 было беларусаў. Многія з гэтых вяскоўцаў з’яўляліся актыўнымі сябрамі Беларускай работніцка-сялянскай Грамады і ТБШ. Сярод актыўных дзеячаў Целяханаў у 1920-х гадах былі браты Мікалай і Васіль Перавалоцкія. У сваім хатнім архіве адшукаў ліст В. Ласковіча (?) да былой выпускніцы Віленскай беларускай гімназіі, настаўніцы з Івацэвіцкага раёна Еўдакіі Казловай. Ліст быў напісаны Ласковічам 20 жніўня 1969 года. Гэта вялікі ліст, у якім аўтар задае шмат пытанняў спадарыні Казловай. Усе гэтыя пытанні датычаць лёсу Мікалая Перавалоцкага і яго сям’і. Сярод пытанняў ёсць і такое: “З архіўных матэрыялаў і некаторых успамінаў бачна, што ў 1923-1925 гадах у Целяханах было паўстанне, стварылася там Целяханская савецкая рэспубліка. У гэтых падзеях актыўны ўдзел прымаў і Мікалай Перавалоцкі. Збярыце ўсё, што засталося ў памяці людзей пра гэтыя падзеі і ўдзельнікаў”. Цікавы факт. Здаецца, раней пра Целяханскую савецкую рэспубліку ніхто не пісаў. І, магчыма, у архівах захоўваецца шмат дакументаў пра гэту Целяханскую рэспубліку і яе актывістаў. Вядома толькі, што браты Перавалоцкія былі родам з вёскі Яглевічы, падчас абмену трапілі ў БССР. А потым хутка, як польскія шпіёны, былі арыштаваныя і расстраляныя на Бутаўскім палігоне ў канцы 1930-х гадоў.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя