У 49 гадоў памёр вядомы віцебскі фатограф Юрый Шэпелеў



Увечары 8 лістапада ў 49 гадоў пайшоў з жыцця вядомы віцебскі фатограф Юрый Шэпелеў.

Юрый Шэпелеў нарадзіўся ў абласным цэнтры ў 1972 годзе. Фатаграфіяй захапіўся яшчэ ў школьныя гады.

У канцы першага дзесяцігоддзя XXI стагоддзя, пакінуўшы бізнес, Шэпелеў стаў фоталетапісцам роднага горада. Падчас практычна штодзённых шпацыраў па Віцебску, ён дакументаваў яго зменлівае аблічча. Многае, што адлюстравана на здымках фатографа, ужо немагчыма ўбачыць у горадзе.

Юрый неаднаразова браў удзел у розных фотапраектах і выставах, прысвечаных Віцебску. У пачатку сакавіка 2020 года ў гарадской ратушы адкрылася вялікая персанальная выстава Юрыя Шэпелева, на якой экспанавалася больш за 60 здымкаў вясновага Віцебска.

Скаргі на здароўе ў фатографа з’явіліся ў ліпені, ён прайшоў некалькі абследаванняў, але ўрачам не ўдалося паставіць дакладны дыягназ. 8 лістапада стан Юрыя Шэпелева пагоршыўся, яго даставілі ў шпіталь, але сэрца віцебскага фоталетапісца спынілася ў прыёмным пакоі.

vitebsk.cc