У Аршанскім раёне пройдзе пленэр ганчароў Беларусі і Расеі



Міжнародны пленэр дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Букет Прыдняпроўя» збярэ 9-12 кастрычніка ў Аршанскім раёне майстроў з Беларусі і Расеі, паведамілі ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці.

Мерапрыемства пройдзе на базе Цэнтра народнай творчасці і рамёстваў у пасёлку Копысь. Яго ўдзельнікамі стануць знакамітыя ганчары і керамісты з розных куткоў Беларусі, а таксама іх калегі са Смаленска і Пскова. На працягу некалькіх дзён майстры будуць ствараць работы, праводзіць майстар-класы, у час якіх раскажуць аб сваім бачанні захавання традыцый народных рамёстваў, падзеляцца вопытам, аўтарскімі напрацоўкамі і сакрэтамі прафмайстэрства.

Важнай часткай пленэру стане конкурсны складнік. Творчае спаборніцтва «Гліна спявае» пройдзе ў пяці намінацыях. Журы трэба будзе вызначыць лепшыя дамашнюю калекцыю (іх аўтары прывязуць з сабой), зробленыя ў дні пленэру гліняны посуд, цацку, выраб дэкаратыўна-глінянай пластыкі і выбраць пераможцу ў намінацыі «Зберажэнне і развіццё ганчарных традыцый».

Таксама насычаная праграма ўключае знаёмства з выдатнымі мясцінамі Аршанскага раёна, удзел у разнастайных культурных мерапрыемствах, у тым ліку свяце «Малая радзіма – вялікая любоў», прысвечаным Году малой радзімы і 960-годдзю пасёлка Копысь.

Арганізатары – Міністэрства культуры, Беларускі саюз майстроў народнай творчасці, упраўленне культуры Віцебскага аблвыканкама, Аршанскі райвыканкам.

БелТА