Фестываль нацыянальнай драматургіі імя Дуніна-Марцінкевіча
Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча пройдзе з 17 па 22 лістапада ў Бабруйску.
У адпаведнасці з новым фарматам творчага форуму рэпертуарная афіша фарміруецца з лепшых спектакляў бягучага тэатральнага сезона, пастаўленых паводле твораў беларускіх драматургаў, у конкурсных праграмах „Спектакль тэатра драмы” і „Эксперымент”. У кожнай з іх можа быць прадстаўлена да шасці спектакляў.
Экспертная камісія адабрала для праграмы „Спектакль тэатра драмы” пастаноўкі „Пясняр” (В.Дранько-Майсюк, рэжысёр В.Еранькова) Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага; „Карона з кахання” (А.Дзялендзік, рэжысёр В. Расстрыжанкоў) Мінскага абласнога драматычнага тэатра (г. Маладзечна); „Кропкі на часавай восі” (Д.Багаслаўскі, рэжысёр Т.Траяновіч) Магілёўскага абласнога тэатра імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча (г. Бабруйск); „Тарас на Парнасе” (С.Кавалёў, рэжысёр В.Сявец) Слонімскага драматычнага тэатра; „Сіндром Медэі” (Ю.Чарняўская, рэжысёр К.Аверкава) Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі і „Кар’ера доктара Рауса” (В.Марціновіч, рэжысёр А.Гарцуеў) гэтага ж тэатра.
Пастаноўкі „Опіум” (В.Каралёў, рэжысёр А.Марчанка) Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў „АРТ Карпарэйшн”; „Ладдзя Роспачы” (У.Караткевіч, рэжысёр А.Ляляўскі) Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек; „Камедыя Юдзіфі” (С.Кавалёў, рэжысёр А.Жугжда) Гродзенскага абласнога тэатра лялек; „Скарына” (М.Руткоўскі, рэжысёр С. Варнас) Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра; „Сіняя-сіняя” (У.Караткевіч, рэжысёр І.Казакоў) Магілёўскага абласнога тэатра лялек; „Поле” (П.Пражко, рэжысёр Д.Валкастрэлаў) незалежнай тэатральнай групы з Санкт-Пецярбурга „тэатр post” прымуць удзел у праграме „Эксперымент”.
Журы трэба будзе вызначыць у кожнай конкурснай праграме пераможцаў у намінацыях „Лепшы спектакль”; „Лепшая мужчынская роля”; „Лепшая жаночая роля”; „Лепшая мужчынская роля другога плана”; „Лепшая жаночая роля другога плана”; „Лепшая п’еса сучаснага беларускага аўтара”; „Лепшая рэжысура”; „Лепшая сцэнаграфія”.
Конкурсная праграма ўключае абмеркаванне спектакляў крытыкамі, арганізацыю канферэнцый, сустрэч з творчымі калектывамі. Аргкамітэт фарміруе і пазаконкурсную праграму форуму.