У Бачэйкаве памятаюць Барыса Беляжэнку



У Верхнядзвінскім раёне ёсць пасёлак Бачэйкава. Упершыню ён прыгадваецца ў 1460 годзе, як уласнасць Яшкі Ямантавіча, які перадаў яго ў спадчыну сыну Сямёну Ямантавічу- Падбярэзскаму. Уладарылі ім браты Рыгор і Іван Яцкавічы, а пасля амаль чатыры стагоддзі гаспадарыў вядомы род Цеханавецкіх. Нашчадак граф Анджэй Станіслаў заснаваў фонд роду ў Каралеўскім замку ў Варшаве. За развіццё культурных сувязей ён узнагароджаны медалём Францыска Скарыны і ордэнам Дружбы народаў.

Анджэй Цеханавецкі – аўтар вядомай даследчай працы “Міхал Казімір Агінскі і яго “сядзіба музаў” у Слоніме”.

А яшчэ Бачэйкава ганарыцца сваім земляком паэтам і журналістам Барысам Беляжэнкам (1937-2016). Цяжка сказаць, хто сёння нават з пісьменнікаў памятае пра гэтага беларускага літаратара. А вось землякі памятаюць.  

Барыс Беляжэнка пачаў друкавацца з 1958 года, а ў 1973 годзе ён выдаў свой першы паэтычны зборнік “Крыгалом”. Пасля былі новыя кнігі, пісаў не толькі вершы, але і аповесці. Быў лаўрэатам Віцебскай абласной літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Караткевіча.

У Бачэйкава памятаюць Барыса Беляжэнку і старыя людзі, і маладыя. У мясцовай бібліятэцы створаны яму музей. У музеі захоўваюцца асабістыя рэчы пісьменніка. Тут і гармонь ёсць, на якой ён любіў іграць, і пішучая машынка, на якой паэт друкаваў свае вершы, і патэфон з кружэлкамі, і пінжак з гальштукам, і партфель, у якім літаратар насіў свае творы, і іншыя асабістыя рэчы. І, вядома ж, усе кнігі паэта. Бібліятэка носіць імя паэта, адкрыта мемарыяльная шыльда…

Так і павінна быць, каб землякі памяталі пра сваіх таленавітых людзей, якія пісалі творы на роднай мове, якія былі ўлюбёныя ў свой родны край, у сваю Беларусь.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара